Ня лазь на гарышча,
наказвае бабуля,
дзіўнае чыніцца там:
няма нікога,
ды гавораць нейкія людзі,
плача дзіця, а ўчора
круціўся сам сабою
калаўротак.
Дзень навылёт
сяджу я ціхутка на печы —
слухаю гарышча:
сьмяюцца там дзеці,
гігоча прыцішана конь,
стоена дыхае хтосьці,
слухаючы хату
або птушак на вільчыку.
Мы жывем у хаце,
над намі жыве гарышча,
над гарышчам — неба.