Існуюць розныя погляды
на тую самую зьяву:
хтосьці перакананы, быццам
Сімяон-стоўпнік
ускараскаўся на верхатуру
з адзінай мэтаю —
каб зручней было
пляваць на мінакоў;
хтосьці пэўны, што
дакладнае паўтарэньне дзён,
калі наступны
ёсьць копіяй папярэдняга,
дыктуе неабходнасьць
рыхтавацца да адступленьня
на зыходныя пазыцыі.
Я гатовы згадзіцца
зь дзьвюма першымі вэрсіямі,
але ўжо не зьбіраюся
ратавацца ўцёкамі
з гэтага лябірынту аднолькавых дзён,
бо іх сьцены берагуць
беззаганную постаць
паганскае багіні,
якой маліліся ў бярозавых гаях
твае і мае продкі;
бо гэтая люстраная бясконцасьць
вартуе нязьменна гульлівую
блакітнавокую ўвагу,
па-за чыёй акваторыяй
лявандавы водар,
што ад чэрвеня заблытаўся
ў тваіх валасах,
страціць азонавую сьвежасьць,
якую я зьбіраюся
закаркаваць у бутэльку
з тонкага бэзавага шкла,
напісаўшы на этыкетцы
дзень і год,
калі я зрабіў адкрыцьцё, што
разнастайнасьць здольная таіць
сьмяротную небясьпеку,
а лябірынт паўтарэньня,
як добрае віно,
надае звыклым рэчам,
сытуацыям і пачуцьцям
новы аб’ём,
калі нават гукі
набываюць колер і форму,
і твой званок у дзьверы
асыпаецца на паркет
вадаспадам валошкавых шарыкаў,
а вітальны сьмех
мáе колеры й вусатыя абрысы
маёй рыскі, якая —
адзіная з усіх дзьвюх-
і чатырохногіх істотаў —
любіла, адрозна ад цябе,
засынаць у мяне на грудзях;
пакуль я дзялюся з табой
гэтым адкрыцьцём,
па пакоі разыходзяцца
канцэнтрычныя кругі
колеру азёрнай завоіны,
населенай гарлачыкамі
і вірлавокімі стрэлкамі,
адкуль,
як зь вялізнага акварыюму,
за намі вядуць назіраньне
дзьве залатыя
рыбіны-тэлескопы.