Чатыры вятры
прыляцяць да мяне
на другі дзень
Вялікадня,
і ў кожнага будзе
жаночае імя.
Усходні
будуць зваць
зусім банальна,
затое некалі ён атрымаў
пяшчотную мянушку,
якая чамусьці нагадвае
ласку.
Вецер з захаду
будзе мець
летапіснае імя
каралеўны
і прынясе водар
ранішняй кавы.
Паўдзённы вецер
мядова запахне
шыпшынавай кветкай
з скрыжаваньня
дзьвюх цёплых
сьцежак.
У паўночнага
будзе балцкае імя,
і маё сэрца зашчыміць, бо
я забуду яго,
а ўспомню толькі
стары невад,
набрынялы вільготным пахам,
што кропля за кропляю
сьцякае
ў салёныя сьляды
босых ножак.
Цэлы дзень
будуць кружляць вакол дому
чатыры вятры,
а ўвечары
апусьціцца зь неба
ласкавая вусьціш,
якую завуць
так, як цябе.