Прыйшоў на сьвет
у год Зьмяі
паводле ўсходняга календара
і ў год сьмерці Сталіна
паводле календара савецкага,
пад знакам Дзевы,
у радзільні
насупроць Сафійскага сабору
у Полацку;
быў таемна ахрышчаны
праваслаўным папом,
якога схапіў за бараду
і не адпускаў,
пакуль не паказалі
салодкага пеўніка на палачцы;
узброіўшыся сьвечкай
і клубком бабуліных нітак,
у няпоўныя сем гадоў
выправіўся на пошукі лёхаў,
што ў часы Сьцяпана Батуры
злучалі
гарадзкія манастыры й храмы;
з тае пары
так і бадзяюся
па замурованых лябірынтах,
шукаючы
Полацкі летапіс,
крыж Эўфрасіньні
і сумнеўную славу;
памру ўлетку,
калі споўніцца
тысяча гадоў
князю Ўсяславу Чарадзею;
буду пахаваны
на полацкіх могілках
сьвятога Ксавэрыя
па грэка-каталіцкім абрадзе;
хтосьці пакладзе
на цёплую зямлю
букецік валошак
і тры гвазьдзікі
вядомых колераў;
у беларускім тэксьце
на помніку
згодна з нацыянальнай традыцыяй
будзе зробленая
артаграфічная памылка.