Архіўны ўік-энд


Ранішняя газэта,

аздобленая партрэтам

нізкалобага прэзыдэнта

зусім чужой краіны,

ў потнай лядоўні тралейбуса,

нямытая ад Вялікадня бамжыха,

дух сьмецьцевага кантэйнэру

ў іпастасі дымаватага ката

і ўсё астатняе

імгненна робяцца

архіўнымі адзінкамі,

сагрэтымі надзеяй на спатканьне

з уніклівымі мышамі

маёй памяці.

(Трохі супраціўляецца

адно прывакзальны ўладальнік

кардонкі з просьбаю ахвяраваць на хлеб,

накрэмзанай па-беларуску.)

Нядбайна забываючы

нумараваць фонды і вопісы,

я здаю ў архіўныя сутарэньні

патушаныя вокны

на дзявятым паверсе ў Полацку

і вокны

на розных іншых паверхах,

адкуль мне адкрываліся

краявіды з мэнтолавым пахам,

барокавыя валюты цьвілі

на сьценах сталінскага бараку

ў майстэрні майго сябра,

дзе нам пазіравалі

найпрыгажэйшыя жанчыны

дзьвінскага левабярэжжа,

якія даўно эмігравалі

ў Нафтаюганск, Тэль-Авіў

і Плешчаніцы;

прапахлыя смажанай цыбуляю

сухія ружы

на чужых кухнях;

паветраныя шары хрызантэмаў

у сьлізкіх вантробах

падземных пераходаў;

цацачны «Боінг»

польскай кампаніі «Lot»

над крыгаю Грэнляндыі;

здабытыя з футэркаў і сукенак,

да краёў поўныя жарсьцю

і фрыгідныя, як паўночныя малюскі,

жаночыя целы...

Пад ухвальную моўкнасьць

шызае птушкі мэлянхоліі,

што падарожнічае

на маім плячы,

бязь лішніх развагаў

сьпісваюцца ў архіў

мая правадніца

на жыцьцёвым шляху

зорка Мерак

у сузор’і Вялікага Возу,

твой марэлевы пасак

апэндыцыту,

нашая чадная прыморская карчомка

з штурвалам на дзьвярах,

адкуль мы вынесьлі,

акуратна загарнуўшы ў сурвэтку,

келіхі, нажы і відэльцы,

зьвязваючы сябе

яшчэ і агульным

крымінальным мінулым.

Дасканалы сьвет

люмінэсцэнтных лямпаў

і наваскаваных паркетаў

імкліва папаўняецца,

пагрозьліва заяўляючы

аб сваіх прэтэнзіях

на тэрыторыю будучыні, —

бо ты не прыйшла

і сёньня ў мяне

архіўны дзень.

Сьмяротная пагроза

гэтаму стваральнаму спакою

тоіцца на вітрыне

сустрэчнага супэрмаркету

ў абліччы

вузкаплечай і стройнай

пляшкі такайскага

(шызая птушка на плячы

ўстурбавана ўзмахвае

напудранымі крыламі),

вузкаплечай пляшкі,

падобнай да цябе

болей за любую дзяўчыну

з суботняга праспэкту

Францішка Скарыны

блакітнавокім букетам

маладога падступнага хмелю

твайго цела,

здольнага аднаўляць

тэксты палімпсэстаў,

на чыіх пэргамінах

я мог ператварыцца

ў архіўную адзінку з нумарам

і не чакаць цябе

на вуліцы твайго імя,

каб назаўтра

зноў непазьбежна ўспомніць

пра свой дыплём гісторыка

і досьвед архівіста.

Загрузка...