Upupa epops


Кожны раз,

як еду ў Полацак на цягніку,

у прынарачанскіх лясах

паміж Вялейкай і Будславам

на тэлеграфным дроце чакае мяне

стракатая птушка з вохрыстым чубком

і сьмешным лацінскім імем

Upupa epops —

а ў перакладзе — проста ўдод.

Калі разгарнуць энцыкляпэдыю,

можна даведацца, што

Upupa epops —

манагам,

селіцца на ўзьлесьсях,

у старых садах і парках,

ладзіць гнёзды ў крушнях,

жаролах і пнях,

а часам у пустых вульлях.

Толькі энцыкляпэдыя

не адказвае на галоўныя пытаньні:

як ён даведваецца,

што я ўзяў раніцою білет,

чаму я памятаю, што самачка

выседжвае птушанятаў

сямнаццаць дзён,

чаму ўзгадваю жаролісты дуб

над полацкім возерам

з сутонлівай назваю Люхава?

Вось зараз цягнік паверне,

і мы з птушкай

на імгненьне сустрэнемся

вачыма.

Загрузка...