Дождж


Гэты дзіўны дождж

населены матылькамі,

што не баяцца кропляў,

усьцешана ловячы іх

сэрдалікавымі крылцамі...

Гэты дзіўны дождж

разбаўляе паводле антычнага звычаю

зьмесьціва келіхаў і кілішкаў,

кратае чуйнымі пальцамі

невідушчага музыкі

столікі адкрытай тэрасы

і ня мае змогі патушыць

нашу зялёную запальнічку

ў Празе на вуліцы Парыскай

ці ў Парыжы на Праскай —

трэба загаварыць да мінака,

каб даведацца, на якой мове

тут перашэптваюцца

закаханыя.

Гэты дзіўны дождж

праяўляе дагератыпы рэмінісцэнцыяў

і кінакадры эвэнтуальных здарэньняў:

бутэлька вішнёўкі,

выпітая з рыльца

на мокрых Градчанскіх усходах;

купэ міжнароднага цягніка,

якое прапануе вытанчаныя

эратычныя экспэрымэнты

з удзелам матацыклістаў,

што цнатліва маркоцяцца

на чыгуначных пераездах;

начное рабаваньне

паснулых вандроўнікаў,

якім мілажальна пакінуць

пяць цыгарэтаў

і пляшку сьветлага, як гэты дождж,

мараўскага...

Ужо на ўзьмежку

ранішняга вяртаньня

я пасьпею выслухаць

тваю выключна цьвярозую

прафэсарскую вэрсію:

аказваецца,

мы з табою трапілі

пад залеву з хранонаў —

элемэнтарных часьцінак,

у якіх увасоблены

час.

Загрузка...