Ян Баршчэўскі


Мы сустрэнемся

на пецярбурскім гасьцінцы,

недзе каля Клясьціцкай царквы,

а найверагодней — карчмы,

пад Янаў дзень,

бо ты ужо мусіш прайсьці

большую частку шляху

з Санкт-Пецярбургу ў Полацак

(гэты шлях, між іншым,

карацейшы, чым наадварот).

Ты будзеш ісьці,

адпачываючы ад прыватных урокаў

лаціны і грэцкай,

згадваючы ўхвальныя словы

самога Міцкевіча

(зрэшты, безь вялікага піетэту),

які два-тры разы пагартаў

твае вершы.

Ёселевы прусакі

ня здолеюць атруціць

смаку журавінавай палёнкі

(хоць у полацкіх айцоў-езуітаў

яна, безумоўна, мацнейшая).

Кабета Інсэкта зь Белай Сарокай

пакінуць нас у спакоі,

праўда,

мільгануцца перад агменем

велізарныя цені

Стаўраў і Гаўраў.

Урэшце

ў доме павятовага маршалка

сьцьвярджаюць, што і ты

частку дарогі з сталіцы

адольваеш наўпрост

у абліччы розных нязвыклых істотаў.

(Чаго ні наплятуць жаночыя языкі,

тонка ўсьміхаесься ты,

унікаючы адказу.)

Кашэчы кароль Варгін

і мышыны Паднор

угамуюць сваіх шматлікіх падданых,

дамовіўшыся пра нешта з Будзімірам,

каралём усіх пеўняў.

Полацкія чарнакніжнікі

нарэшце спахопяцца,

паветра ў карчме загусьцее

да кансыстэнцыі палёнкі,

час упакорыцца чарам, і

ня будзе аніякай гарантыі,

што мы ня выйдзем з карчмы,

цьвёрда трымаючыся на нагах,

у пухкую завею

з далёкай сьвечкаю

на падвоканьні шляхціча Завальні.

Загрузка...