Горад, якога няма

Валянціну Акудовічу

Ты сьцьвярджаеш,

гэтага гораду няма,

бо ён

ня вабіць мітамі і

не абавязвае мэтамі.

Напэўна, таму

адусюль я вяртаюся

менавіта сюды.

Гэта так файна:

піць віно,

цалаваць жанчыну і

пісаць вершы

ў горадзе,

якога няма,

як няма

ні лепшых, ні горшых

часін і гарадоў

ні для паэзіі,

ні для каханьня,

ні для нашага з табой

пункцірнага сяброўства —

бо, ты сьцьвярджаеш,

цябе таксама няма,

а я маю нахабства

у гэтым сумнявацца

ў горадзе,

якога няма.

Загрузка...