Што здарыцца з вамі,
мае найдаражэйшыя сябры,
калі мяне ня стане?
З табою,
антыкварная лямпа
часоў першай закаханасьці,
з табою,
мой цёплы фатэль,
вынаходлівы сьведка
першых і наступных
грэхападзеньняў,
з табою,
мой шчарбаты зялёны кубак,
што пад выглядам гарбаты
любіў частаваць
зусім іншымі напоямі...
Магчыма,
вас падзеляць сваякі,
а магчыма,
выставяць на продаж,
і вы разьедзецеся
па чужых кватэрах.
Фатэль
упадабае на аўкцыёне
пышную дупцю
бальзакаўскага веку,
але дастанецца
худому гомасэксуалісту.
Цалкам верагодна, што
лямпа скарыстаецца выпадкам,
каб скончыць жыцьцё
самагубствам,
а шчарбаты кубак
проста выкінуць на сьметнік.
Але кубку
пашанцуе найболей:
яго знойдзе бадзяга, які
чытаў маю кніжку
і аднойчы выпіваў са мной
у альтанцы на нашым двары.
Буду сумаваць па вас
там,
дзе, напэўна, нельга запаліць
настольную лямпу,
каб у яе сьвятле
паднесьці кубак глінтвэйну
сьмяшлівай істоце,
якая маляўніча ўладкавалася
ў цёплым фатэлі,
якую абавязкова дачакаюся там,
дзе, відаць,
не гатуюць глінтвэйну.