Здаравенны хлапчына, якога з маленства, дзеля смеху, называлі Пётр Пятровіч, пры буржуазной Польшчы пяць год сядзеў у турме "за камуну", у вайну быў у партызанах, а пасля вызвалення — з вельмі лёгкай рукі мясцовага начальства — узышоў на цярністую сцежку кіраўнічай працы.
Амаль непісьменнага хлопца прызначылі спачатку кіраўніком раённай канторы дзяржбанка, пасля загадчыкам нарыхтоўчай канторы, пасля старшынёй сельсавета i нарэшце старшынёй сельпо.
Кіруючы банкам, Пётр Пятровіч толькі падпісваў паперкі, што яму ні падсоўвалі, вельмі цьмяна ўяўляючы змест пераважнай большасці дакументаў.
— Што ты мне тутака плявузгаеш! — грымеў ён на бухгалтара.— Я падпісаў — усё. А мала табе раз — другі раз падпішу!..
У нарыхтоўчай канторы ён сам, i вельмі ахвотна, быў часамі грузчыкам, памагаў сваім хлопцам.
Як старшыня сельсавета, пабіў аднаго дэпутата. Слухалі на бюро райкама.
— Ну, я ж усё ж такі яго начальнік,— апраўдваўся Пётр Пятровіч.— Усе мы ўжо сабраліся, сядзім, яго чакаем. Раз я паслаў па яго, другі раз — не ідзе. Пайшоў я сам. Сядзіць, гад, ды зацірку мурзае. Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш — так ужо абрамізіў!..
У сельпо Пётр Пятровіч вельмі хутка замурзаўся сам.
Не так замурзаўся самахоць, як замурзалі памагатыя.
І вось ён памёр недзе ў турме ці ў лагеры. Падпольшчык, партызан, дый хлопец, урэшце, нядрэнны, калі б яго не ўздымаць без патрэбы i меры...
A маці, якой "Бог смерці шкадуе", увесь свой век пакутніца пры такім сыне, ідзе цяпер за дваццаць кіламетраў у райцэнтр, каб, можа, пенсію якую за Пятра далі...
1956