ПРОБЛІСКІ


У незвычайным, на першы позірк драўляным, як мне здалося з дарогі, бараку — добрыя, сучасныя кватэры саўгасных рабочых. Унізе вялікая кухня, сталовая, веранда, a ўверсе яшчэ чатыры пакоі.

Гаспадара, трактарыста, дома мы не засталі. Жонка яго — маці траіх дзяцей, найменшае з якіх, аднагадовы хлопчык, безнадзейна хварэе. Мы яго не бачылі, ён там недзе наверсе ляжыць, як заўсёды, а бедная мама сустрэла нас з другім, двухгадовым хлопчыкам на руках. Па вачах малога відаць, што i ён хворы (паіхняму, пачэшску, немоцны), а жанчына сказала, што гэта ў яе суседчын Вашычак: той кудысьці спатрэбілася паехаць, "а я ўсё роўна ж дома сяджу".

Калі мы прыселі да стала, а гаспадыня пайшла рыхтаваць нам каву, хлопчык вяла гуляў на падлозе з вялізным, калярова-пярэстым мячом. Гаспадыня прынесла Вашычку малака. Каб піць яго,— больш, відаць, па абавязку, чым з патрэбы,— малому надта ж захацелася, проста такі зусім неабходна было сесці на тым мячы. Сяк-так угрунтаваўшыся на ім, ён зрабіў цёці ласку — яна з усмешкай чакала — дакрануўся губамі да нахіленага кубачка. Раз, а потым i яшчэ раз.

Гэта адно, з пазаўчарашняй паездкі ў Судэты, дзе мы з сябрам-чэхам заехалі да яго сваякоў.

Другое ўбачыў я ўчора тут, у Карлавых Варах, на бойкай, толькі пешаходнай вуліцы. Дзяўчынка, па-бабску кажучы,— зусім яшчэ маладзенечкая, аднак ужо нібы гатовая на ўсё: i дрэннае i добрае, ідзе сабе паміж рознакалёрных магазінаў, у яшчэ раннім, таксама стракатым патоку людзей мясцовых i разнамоўных курортнікаў, ідзе па вуліцы зверху ўніз, калываецца тонка ды стройна, уся ў раннім сонейку, з выглядам весела-незалежным, а на калене ў яе, на паношаных джынсавых штоніках, — як нейкі выклік — нашыта вялікая, белая, прымітыўная кветка.

"Малое — усюды малое. А маладому ўсё хораша",— скажам таксама па-бабску.

Малы i дзяўчо, два, выпадкова заўважаныя, пробліскі, жыва i паасобна, i разам, яны прыгадаліся мне, як толькі прачнуўся. І тут жа, амаль адразу прыйшоў i стаў паміж імі, чэшскімі, трэці i свой, з майго вяртання з Масквы дахаты.

У нашым купэ — глуханямая дзяўчынка гадоў дванаццаці. Едзе з бабуляй на канікулы, з-пад Урала ў Брэст.

Раней чым уведаць, што з малой такая бяда i куды яны едуць, я ўбачыў на выцерта-сівых, зноў жа джынсавых штоніках дзяўчынкі незвычайнае: два сэрцы, відаць, ёю самой вышытыя, адно чорнымі, а другое чырвонымі ніткамі, i змацаваныя англійскай шпількай. Не вышытай, металічнай.

Прыгожае дзеўчаня міла ўсміхнулася на мой зацікаўлены позірк i неяк дзіўна, нібы з замежным акцэнтам, сказала адно толькі слова:

— Маль-тшык!

І тут якраз бабуля растлумачыла, што ўнучку ў спецыяльнай школе вучаць гаварыць i што гаворыць яна вельмі, вельмі мала.

A ўсё ж запаветнае — хоць i так яшчэ рана — сказала.

1980

Загрузка...