ПЕСНЯ


На вялікай лясной паляне варушыцца ад нізавога ветрыку мятлічка, грэюцца ў сонцы пабрыджаныя нейкай траўкай плешыны, густа лезуць з зямлі маленькія сасоначкі. Самасейкі.

Далей ідзе шорстка-зялёная сцяна сасновага падлеску, а над ім — заўсёды непаўторна прыгожая разгалістая сасна. Адна ў сваёй медна-зялёнай, нібыта бясформеннай на свабодзе, нястромкай красе.

Сасна — на фоне вечнага, чыстага блакіту i хвалююча беласнежных аблокаў. Яны мяняюць свае формы i плывуць да сцішнаты захаплення бязгучна, пяшчотна i велічна. Нічые i агульныя. Колькі я бачыў ix зверху, над колькімі землямі i морамі!..

Каля танцавальнай пляцоўкі калгаснага дома адпачынку на сівых лавах сядзяць сапрана, альты, тэнары i басы — дзяўчаты, маладзіцы, дзецюкі i мужчыны мясцовага самадзейнага хору. Прыехалі грузавіком на рэпетыцыю. Цікава было б апісаць ix кожнага, з іхнім руплівым i энергічным кіраўніком. Ды я хачу не пра гэта.

Я — пра тое, што зноў вось ажыло ў душы, тузанула яе тым пачуццём, якое я так даўна i так пакутліва-шчасліва намагаюся злавіць i перад аць...

Група сапрана — некалькі дзяўчат, i школьніц яшчэ, i ўжо работніц на полі, на фермах — нібы махнула белым крылом — пяшчотнай купальскаю песняй:

Ой, рана, на Йвана...

Наша, наша яна — як рыжая мятліца, як звычайна-цудоўная сасна. Яе мы, пяшчотную песню, пры дапамозе празаічнай тэхнікі кінем туды, у блакіт, пад аблокі, адкуль наша слова i наша сэрца зловяць усюды, на ўсёй зямлі.

...Апуджаны беларус, лаўлю сябе на думцы пра нацыяналізм — здаровы i нездаровы...

Каму яшчэ такое прыходзіць на думку — нават любуючыся красой?..

1968

Загрузка...