ЗНОЎ ДОМА


Здаецца, упершыню адчуваў сябе так радасна i лёгка тут... хачу сказаць — дома, бо ў родных мясцінах, пра якія мне хочацца пісаць, пра якія я пачынаю думаць — абы ўзяўся за пяро. Няма ўжо тут таго ныцця, як раней, як быццам ужо цалкам закончыўся працэс сацыялізацыі вёскі, людзі прывыклі да новага, кажучы мовай Талстога — усё перавярнулася i легла на сваё месца. Гавораць землякі адкрыта, калюча, але не варожа. Як быццам закончился ўжо, завершаны першы этап барацьбы за хлеб. Цяпер няма тут яго, кажуць, толькі ў гультаёў. Пачынаецца новы, ужо не першы этап барацьбы за культуру. Плануюцца ды будуюцца клубы, школы, дарогі...

Адно, калі ласка, без лакіроўкі! За культуру ў нас трэба нарэшце пачынаць змагацца пасапраўднаму, трэба нават біць у званы!..

Найбольш, здаецца часамі, актуальная праблема ў многіх — "дзе дастаць дражджэй?". Самагонка, "Сталічная", нават каньяк. П'юць вельмі многа.

У мястэчку перад "забягалаўкай" наглядаў сварку настаўніцкай пары.

Ен, п'яны, яшчэ ўсё рваўся да чаркі i груба лаяўся — прывычна ўжо, нават здаволены сабой.

Яна крычала, як звяглівая баба, выварочваючы "перад усёй грамадскасцю" хатні, сямейны бруд.

А дзве дзяўчынкі, што за чатыры кіламетры прыйшлі сюды па сшыткі, прагна прыглядаліся, прыслухоўваліся да гэтай "педагагічнай дыскусіі"...

Былы падпольшчык, адукаваны, сімпатычны рабацяга, таксама настаўнік, зусім сур'ёзна даводзіў мне, што алкаголь... карысны.

У старшыні калгаса, перадавога, раструбленага на ўвесь свет, нос сіні i ў цяпле. Прыкмета сімвала веры.

Спіс гэты можна прадоўжыць, хапіла б толькі ахвоты.

Трэба штосьці рабіць!.. А я яшчэ думаю: ці варта даць месца гэтай балючай i вельмі сучаснай праблеме ў артыкуле, які мяне прасілі напісаць пра новае ў вёсцы...

Як здорава мы прывучаны загладжваць!..

1957

Загрузка...