"ЯК САМ ВЕДАЕШ"


Памёр ужо даўно не толькі цесць, васьмідзесяцігадовы дзед Сцяпан, але i зяць, няўдаліцакаваль Мікола. А вершык, складзены цесцем пра зяця, жыве і ходзіць па навакольных вёсках.

Цяжка соп Мікалай,

аж гудзела гарно,

майстраваў, майстраваў,

ну, а выйшла г...

Няхітры вершык, але часта прыдаецца...

Адзін дзедаў пляменнік "выбіўся ў людзі" — служыў аконамам у князя Мірскага. Князь — князем, а рухавы аконам i сам неўзабаве добра такі апанеў. Але старога дзядзьку сяды-тады ў госці, у свой маёнтачак, клікаў.

Неяк дзед тыцкаў, тыцкаў па талерцы вілкай, а потым палажыў яе i ўзяў тое мяса рукою.

— Вы, дзед, калі-небудзь елі з панамі? — спытаўся адзін з далікатных гасцей.

— Не, як сам ведаеш, ніколі.

— A ca свіннямі?

— Ды сёння во тым часам першы раз.

Другім разам ён ужо сам зачапіўся з адным.

— Чаму гэта, пане, вашы Кал яды на два дні раней за нашы, праваслаўныя?

— Во паны, як людзі выкшталцоныя, раней пачулі, што нарадзіўся пан Езус.

—Хм, як сам ведаеш! А Я ж у Бібліі чытаў, што першыя пра гэта пастухі пачулі. Няўжо ж гэта панства тады само свіней сваіх пасвіла?

Біблію дзед чытаў. Нават i свіней пасучы. Часта i засынаў, палажыўшы галаву на тоўсты i рыхлы ад старасці фаліянт. А потым расказваў суседкам, як гэта цар Давід — у "Трэцяй кнізе царстваў" — састарэў, i ўжо ніякая, як сам ведаеш, адзёжка не грэла яш, дык тады сабраліся старэйшыны, увесь кагал, i прысудзілі яму, сястрыцы мае, маладую, цёплую бабу.

Суседкі пляваліся, не верачы, што так ды можа быць напісана ў святой кнізе.

А дзед пагладжваў бараду i пасміхаўся:

— Такое, як сам ведаеш, i мне было б непаўрэчы!..

1967

Загрузка...