З ВЫПАДКУ


"Калгасу трэба прыняць дэлегадыю, шэсць чалавек,— калгас рэжа быка..."

Так гаварыў мне, смеючыся, адзін вопытны таварыш. Я i сам быў да такога вопыту дакрануўся. Увосень шэсцьдзесят шостага года, калі мы рыхтаваліся праводзіць дэкаду таджыкскай літаратуры, я ездзіў "апрацоўваць маршрут", дамаўляцца з раённым i абласным начальствам Гродзеншчыны пра ix удзел у гэтым, палітычна значным, мерапрыемстве. І сапраўды, загадаюць калгасу ці саўгасу зверху, дык ён i два быкі зарэжа на шэсць чалавек гасцей. Застолле будзе папоўнена сіламі ўласнага активу, ды яшчэ i суседзі далучацца. Так потым i было.

А было аднойчы i інакш. У падарожжы па Прымор'і, недзе ў Арцёме ці каля яго, не памятаю ўжо, большы начальнік прапанаваў па тэлефоне меншаму пачаставаць абедам групу беларускіх пісьменнікаў:

"Сам знаешь, писатели. Гости Василия Ефимовича. Понял? Ну вот".

Мы ехалі з Уладзівастока ў Находку на дзвюх машынах,— Грахоўскі, Кіслік, Гілевіч, Арабей, Тарас, два шафёры i я. Не шэсць, а восем чалавек на аднаго быка. І ўсюды там нас называлі гасцямі першага сакратара крайкама: таварыш Чарнышоў i партызаніў на Беларусі, пад псеўданімам Платон, i прадаваў у свой час, i прыняў ён нас па-зямляцку.

У гарадку, куды мы прыехалі, нас, па званку начальства, прынялі ў рэстаране. Падарожжа наша канчалася — пасля Хабараўскага краю, дзе мы вандравалі з літаратурнымі выступленням!, Прыморскі край быў толькі дзеля свабоднай цікавасці, на апошнія рублі. У нас была дарожная камуна, грошы ў аднаго. І я, на той час касір, найбольш канкрэтна адчуваў, колькі тых грошай, аднак, як усе мы, i я не ведаў, што гэтым грашам пагражае...

Даўжэзны стол, багатая закусь, некалькі гнёздаў бутэлек, у кожным гняздзе аднолькавы набор, усяго па бутэльцы: гарэлка, каньяк, шампанскае, віно краплёнае, віно сухое, піва, мінеральная вада... І актыў ва ўрачыстай гатоўнасці, гаспадароў разоў у тры больш, чым гасцей. А стол — з запасам вольных месцаў i бутэлечных гнёздаў, яшчэ хто можа падысці. Гасціннасць на шырокую душу — усе бутэлькі ўжо адкаркаваныя!..

Здзіўленне абрынулася на нас, гасцей, ледзь не поўным аслупяненнем у канцы таго абеду з тостамі. Афіцыянт падышоў да нашых, яны асуджана паказалі на мяне, касіра, я заглянуў у рахунак. Калгасны бык звычайна быў нічыйным, народным, а тут ён усёю тушай — на мяне!..

I я з горкай сухасцю ў роце сказаў галоўнаму з гаспадароў, што аплаціць усе бутэлькі, два трацякі якіх не выпіта, мы не можам, у нас канец камандзіроўкі. І гэта дзіўна таксама, таварышы, усе бутэлькі адкаркоўваць загадзя...

Нашы шафёры, побач з якімі я сядзеў, заварушыліся, зашапталі: "З сабою, возьмем з сабою!"

Але я ix не чуў, я адмахваўся ад быка.

Гаспадары пашапталіся з выкліканай пышнацелай гаспадыняй рэстарана, рахунак быў скарочаны да памераў выпітага i з'едзенага. На гэта ў мяне хапіла — нашай утрая тыднёвай нормы. A ўсё ж наступіла палёгка i прасвятленне.

Прозвішча галоўнага з гаспадароў было ca славутага набору найбольш ходкіх — Сідараў. На наступным прывале мы яшчэ раз паскраблі з кашалькоў у агульную касу, аб'явілі найбольшую эканомію. I ўжо смяяліся, надоўга запамінаючы "сідараўскі абед".

1987

Загрузка...