Чорны пудзель, які сумуе на падаконніку, не толькі каштуе чатыры тысячы злотых,— ён мае яшчэ i багатую радаслоўную.
Нейкія былыя графы ці князі,— "пані дому" не ўспомніла ix прозвішча,— ці проста былыя радавітыя магнаты, якія цяпер займаюцца гадоўляй пародзістых сабак, прадаючы маім знаёмым гэтага чорнага цюцьку, прыязна пацікавіліся, ці пан пакупнік — з радавітых.
Што ён мог ім адказаць, наш наднёманскі целяпень Мікола Нупрык, мой колішні сябар na польскім войску i нямецкім палоне, цяпер — сяк-так апалячаны варшаўскі рабацяга? Жонка яго — былая шляхцянка ў сучасным мяшчанстве, а ён, Мікола, хоць i перахрышчаны ёю на католіка, падпёрты яшчэ адным імем, здаецца, Збігнеў ці Зыгмунт, ён — як i ўсе мы, вясковыя,— далей свайго бацькі i трохі дзеда нічога не памятае, не ведае.
I вось былыя князі ці магнаты дапамаглі яму ў мудрагелістых справах генеалогіі. На наступнай, пасля пакупкі чорнага пудзеля, сустрэчы, яны сказалі Міколавай "пані дому", бо толькі з ёю адной выпадкова сустрэліся, адкуль паходзіць слова "Нупрэй", што стала прозвішчам яго, а потым i яе, пані Нупраёвай. Аказваецца, не ад Анупрэя, як сказал! б мы, i не проста з Беларусі, а проша пані, ca Жмудзі... Усё-такі нейкі пах ды прысмак вялікай гісторыі!..
A ці не лішне гэта прыемна,— паддаўшыся модзе, дый наогул паддаўшыся, вадзіць на праходку сабаку, што больш за самога цябе радавіты?..
1970