Толькі што была арганізавана "Маладосць", i для яе трэцяга нумара (першым была ў пажарным парадку адзначана смерць Сталіна) мы з фотакарэспандэнтам Аляксандрам Дзітлавым паехалі ў адзін з заходнебеларускіх калгасаў, да новай маладой славутасці, якая кінула ўсенародны камсамольскі покліч: "Дзяўчаты, на трактар!"
Застал i мы яе на палявой дарозе каля вёскі. Воддаль — трактар. Член урада, член ЦК камсамола, яна стаяла з трыма мужчынамі i аднаго з ix брыдзіла так, што не запішаш. Маці мая казала калісьці, што як жанчына вылаецца матам, дык пад ёю зямля загарыцца на цэлы сажань углыбіню. Калі б гэта так, дык тут яна, на дарозе, прагарэла б уніз цэлай шахтай — з вярсту. Дый нягегла ўсё гэта гучала, жалю i гідкага сораму варта, неадпаведна выгляду i плаксіваму гол асу маладзіцы. Мой інтэлігенты таварыш, нядаўні афіцэр-франтавік, паглядаў на мяне з недаўменнай усмешкай.
Я выбраў-такі момант, скарыстаўся шчылінай паміж матамі, сказаў маладзіцы, хто мы, адкуль i чаго, запрасіў пагаварыць.
— Тады хадзем,— сказала яна, з ходу трохі ашляхнуўшы, ужо з прыкметным вонытам наконт прэсы i радыё.
Трэба было пачынаць кантакт, i я, ідучы, епытаўся:
— Што, дрэнны старшыня?
І яна адказала яшчэ па інерцыі:
— Такі ён старшыня, як з вашага... пісар!
Нейкі час ішлося з заткнёным ротам. А паварот да патрэбнага нам адбыўся ў хаце, якая была надалёка. Дома нікога не было. Не змаўляючыся з таварышам, мы папрасілі гаспадыню зняць камбінезон, памыцца, пераплясціся, пераадзецца — для здымкаў. Пакуль яна ў сумежным пакоі i ў кухні займалася гэтым, мы сядзелі моўчкі, толькі з мужчынскімі, сталымі ўсмешкамі зрэдку пераглядаліся.
Гаспадыня увайшла — як не тая: у светлай сукенцы, з заплеценай касой, нават з усмешкай, трошкі як сарамлівай,— нармальная.
Я папрасіў:
— Прысядзьце пакуль што. Трэба спачатку пагаварыць.
Яна прысела каля стала, хораша засланага саматканым абрусам.
— Цяпер скажыце нам, чаго вы так брыдка лаецеся? Такая маладая, мілая...
І пералом канчаткова адбыўся. Яна заплакала:
— Сталі б вы... на мае месца... ды паглядзелі б, як гэта... што гэта за смак!.. Усе людзі... як людзі... а мне...
І іншае ў такім тоне. Пра лютую працу трактарысткі ў нядаўка арганізаваным калгасе, якая павінна не проста працаваць — павінна паказваць прыклад на ўсю рэспубліку i далей. А яна ж не вольная птушка, у яе сям'я, ма: лое ёсць, у мамы цяпер, у суседняй вёсцы. І недалёка, a зірнуць на дачушку няма калі. І мужа, таксама трактарыста, трэба ж глядзець, i хату, i гаспадарку нейкую... Яна хліпала, уціралася ражкамі светлай хусткі, што была накінута на плечыкі, канчала плакаць, i нам было шкада яе як нашмат маладзейшую... ледзь не сястру.
Мы пайшлі ў поле, да яе трактара. Дзітлаў здымаў, я сёе-тое запісваў. Дома ён праявіў свае здымкі, я напісаў "лірычны нарыс" — усё па форме i ў норме. Часопіс выйшаў з гераіняй. Усмешлівай i каляровай.
А мне вось i яшчэ ўсё помніцца тое не ўсё ў напісаным, тая ружовакісельная гладкасць, ад якое мляўка наўздагон.
1987