ЗВАЛІЎСЯ ВЫСТУПАК


Дарога Ратэрдам — Амстэрдам.

Раўніна. Багаты лес: дубы, вязы, платаны, клёны, ліпы... Парнікі i адкрытыя грады. Прыгожыя домікі, ветракі, касцёлы, зноў ветракі... На сакавіта-зялёных паплавах чорнапярэстыя каровы. Вада не ўмяшчаецца ў незлічоных канавах, блішчыць нават на раллі. Раскошная аўтастрада. Абапал — вузкія, простыя палявыя дарогі, таксама асфальт у прысадах. Сонечны дзень...

Сонечны дзень у дажджлівай, пахмурнай Галандыі!.. У сярэднім ён тут бывае адзін раз на тыдзень. Цяпер, у кастрычніку, гэта зусім незвычайна, як дарагі падарунак.

А дзень — адзін, праездам, дзень у краіне, пра якую ты столькі ведаў здалёк i як быццам не ведаў нічога?..

Вось i настрой таму таксама сонечны.

Успамінаю маленства, стары рускі часопіс "Маяк", апавяданне пра падарожжа блізнятак Кіта i Кэт. Першае падарожжа з дзедам да мора.

Малыя сядзелі на нейкім мастку, потым у Кэт зваліўся ў ваду драўляны выступак. А за выступкам — абое блізнят. Дзядуля дастаў ix, засыпаў па шыю ў пясок, каб не змерзлі, пакуль высахне вопратка...

Прайшло больш трыццаці гадоў. А мне — з акна турысцкага аўтобуса — толькі i хочацца глядзець на далягляд, шукаць вачыма паласу, мусіць, недалёкага мора, а на беразе яго — мілыя мордачкі Кіта i Кэт. Яшчэ ўсё над пірамідкамі пяшчотна цёплага пяску...

1956

Загрузка...