ДОБРА БЫЦЬ МАЛАДЫМ


Стары канчае свой восьмы дзесятак. Не якінебудзь цяжкі, нямоглы, занудлівы дзед, а нярослы рухавы, вясёлы i па-народнаму мудры дзядок. Толькі нядаўна ён адпусціў сабе доўгія валасы i бараду, жаўтлява-сівыя, настолькі ўжо "благочестивые", што да ix зусім такі пацешна не пасуе старая шырпатрэбаўская кепачка з маленькім казырком. Зрэшты, кепачка сваё робіць: пад ёю вельмі надзейна схаваны німб яго крыху сектанцкага высакародства, саліднасці, i астаецца чалавек, які многа шукаў, не раз памыляўся, многа чытаў самых сур'ёзных кніг, многае ўмеў рабіць залатымі рукамі, зрабіў людзям нямала дабра — i "во спасение души", i проста па дабраце яе, гэтай душы, яшчэ ўсё неспакойнай i нястомнай.

I мне ён дапамог сім-тым за нашы трыццаць год нямала. Скажам цяпер — сваім адчуваннем вясёлага, вострага слова. Таго, што з самых народных глыбіняў, ад той гаючай свежасці, якая пахне i першай баразной, i разварушаным гноем, i бела-ружовай пяшчотнасцю яблыневага цвету, i вострым палыном узмежкаў.

Неяк ён зноў заходзіў да мяне i зноў пакінуў на ўспамін, на добры смех ды падмацунак ёмкае, смачнае слова.

— Уставай — коні ў аўсе! — Так мы калісьці смехам будзілі адзін ад наго на начлезе. Чым не заклік да працы, да пільнасці? А крыху пазней, развітваючыся: — Будзь, Іване, здароў. Шукай, працуй, а коней у авёс — не трэба.

Пошукі ісціны, што хвалявалі яго ад ранняй, вельмі далёкай ужо маладосці, заўсёды праходзілі недзе паміж Талстым i Леніным. У 1919-м трыццацігадовы чыгуначны тэхнік, вегетарыянец i абстынент, ён быў у родным гарадку членам рэўкама. Загадваў зямельным аддзелам. Чатыры папы на чале з благачынным — дрыход быў багаты — у жніво звярнуліся ў рэўкам з прашэннем выдзеліць панскага жыта i ім. Загземаддзела выдзеліў ім на чатыры сям'і дзве дзесяціны, налажыўшы на прашэнні такую рэзалюцыю:

"Згодна са словамі апостала Паўла — "Не работающий да не ест" — жыта прыбраць самім".

Днямі я выпадкова сустрэў яго на аўтобусным вакзале: дзед сабраўся ў родны гарадок агледзець бацькоўскія магілы. З кашолкай у руцэ, накрыты несмяротнай кепачкай, з усмешкай, што не прапала i ў свяшчэннай барадзе. Пастаялі мы, чакаючы яго аўтобуса, пагаварылі. Да стаянкі адзін за адным падыходзілі аўтобусы: набярэ пасажыраў — пайшоў, праз нейкі час падыходзіць наступны. I ўсё не наш. То Клецк, то Наваградак, то Нясвіж... Хоць вонкава i непрыкметна, а хвалюемся — i ён, i я. Во ўжо i сутуняецца. Яшчэ адзін аўтобус!.. А каб цябе — зноў не наш: івянецкі!..

Дзядок засмяяўся. Без найменшай сувязі з вельмі сур'ёзнаю тэмай нашай размовы.

— Калі-та на ўскраіне гэтага самага Івянца,— пачаў ён,— стаяў святы на горачцы. Фігура з дрэва, унізе насаджаная на шпень. Гэта яшчэ да той, да царскай вайны. Студэнты... Можа, i з маладзечанскай настаўніцкай семінарыі? Маладыя людзі заўсёды былі вясёлыя. І думалі некаторыя. Словам, узялі яны ноччу ды пакруцілі таго святога на шпяні, адвярнулі яго ад горада i напісалі на гэтай самай: "С... я на ваш Івянец! Пайду ў Валожын". Ха-ха-ха!..

Дзед канчае восьмы дзесятак. Добра i ў старасці быць маладым!

Загрузка...