Поўным, як вока, можа быць нешта круглае: шклянка, вядро, цэбар які ці невялікае возера. А то ж рака, яшчэ не вызваленая ад шчодрай вяснянай паводкі. Поўная тут, у лугавых адхонных берагах, здаецца, нават пукатая на стрыжні.
I там, на быстраку, плыве зялёна-шэракарычневы качар. Свойскі. Вельмі нязвычна гэта. I прыгожа. Ажно Багдановіч успомніўся — тое, што мне калісьці, яшчэ вясковаму хлопцу, так спадабалася пра
Селязенька чубаценькага,
Маладога, зухаваценькага.
Пастаяў, паглядзеў, як ён тут, далека ад хаты на ўзгорку, дзе яго жытло, адзін на імклівай, мутнай прасторы цешыцца вясной, раскаванай плынню...
Пазней, вяртаючыся з вёскі каля тое хаты, я ўбачыў яго, прысадзістага, чысценькага прыгажуна, на двары i даволі-такі празаічна — аднаго сярод зацёпкана-белых курэй, што накал! вячэры.
— Кавалер? — спытаўся я ў гаспадыні, цёткі заўсёды весела-прыязнай.
— Якое там — удавец! — з ганачка адказала яна.— Гэта ж чуеце, што? І качка была ў мяне, двойку ix зімаваць пакінула. A ўчора качку ці выдра схапіла, ці... чорт яго ведае — можа, турысты якія, бо ўжо ж валакліся.Гэта ж ён так еумуе па ёй, так шукае. Далека адплываецца, доўга няма, i ўчора, i сёння. Во любоў!..
Назаўтра ўранні я зноў праходзіў тым берагам.
Над вадзяной прасторай ужо не Немана, а залітай ад яго перапоўненасці травяной далінай паміж ракой i полем весела, зелена выпырскваюць сям-там кусты i кусцікі алешніку ды вербалозу.
A паміж імі, на гэтай сонечнай роўнядзі,— знаёмы качар са сваёй тугой.
Да хаты на узгорку адгэтуль добрых паўкіламетра. Калі яму ківацца сцежкай, то i не блізка. Відаць, ракою падплыў, i тут паглядзець.
A ці думае ён пра выдру,— там, на рацэ, i тут, куды i ёй перайсці не наўда?
Відаць, не думае...
Вось ён выйшаў з часовае азярыны, патэпаў травой перамычкі да Немана, з травы зноў спусціўся ў раку. Нібы спакойна так, самавіта, нават i зухаваценька. Нешта вуркочучы мне ці самому сабе — апраўданне ці заклапочанасць. Паплыў, падаўся на выпуклы быстрак, на вольную прастору.
Зноў шукаць i чакаць?..
Казачна гэта, ці што?
1985