У РОДНЫ ДОМ


Прыемна чытаць тут Карнея Чукоўскага — яго ўспаміны, тым больш пра Пастарнака,— іменна тут, у падмаскоўным лесе, на ix апошняй радзіме, паблізу ад ix драўлянага жылля i сціплых магіл.

Над гэтай кнігай я як быццам злавіў-такі нарэшце сваю даўнюю думку, тое, што адчувалася ў розны час у родных мясцінах іншых пісьменнікаў — меншых, большых, вялікіх.

Хто ў сваёй Яснай Паляне, хто ў Наваградку, хто ў Веймары, хто ў Каневе, хто ў Наднямонні ці ў Ялце... Вось я наведаў ix, тыя мясціны, а далей — ужо няма нічога, туга па далёкай, узнёслай легендзе аціхла, у пошуках найбольшай паўнаты ix, пісьменніцкіх, вобразаў трэба вяртацца ў іхнія кнігі.

Мы ўжо туды вярталіся неаднойчы, i будзем вяртацца, як з вялікага падарожжа ў родны дом, з яшчэ большай, з самай грунтоўнай упэўненасцю, што радней, чым ён,— i сапраўды няма нічога.

1971

Загрузка...