Яму як быццам нават няёмка. Ці проста звычайна. Гэта ж не першая школа, якую ён будуе тут, у нашых родных мясцінах. Каб не выхадны дзень, калі тут пуста, дык, можа, i не павёз бы мяне сюды — сентыментальнічаць, расчульвацца. Давай, давай,— прыкідвайся, толькі яшчэ больш удала!..
Белая сілікатная цэгла. На франтоне — арнамент з цэглы чырвонай. Гэта ўжо звыш праекта, самадзейнасць.
Ходзім па будучых класах, паднімаемся на другі паверх, пасля на будучае гарышча, яшчэ без даху, адкрытае на ўсё неба.
Адтуль — упершыню ў жыцці "з птушынага палёту" — гляджу на майскую зеляніну i маладую, яшчэ не прыкрытую шэрасць палёў, на луг, на не схаваны за бераг побліск ракі, на лес i хаты сонечнага Наднямоння...
Ты маўчы сабе. Я таксама маўчу. Хоць i адгэтуль, вачыма памяці, яшчэ раз бачу арнамент на гордым франтоне. Хоць i яшчэ раз, па-новаму — з ахопам усяго жыцця, ад нашага светлага маленства i да прытомленай сталасці — мне добра на душы, мне весела, што гэтую школу будуеш ты, мой брат.
1965