ЦІШЫНЯ


Шызы мох мерна хрумсціць пад тоўстамяккімі падэшвамі, i час ад часу хрупаюць пустыя, натапыраныя сасновыя шышкі.

Шум ходзіць паверсе. Унізе i ў ветраны дзень цішыня. Там, дзе гушчар.

У рэдкім лесе сосны разрастаюцца букетамі. І ядловец не толькі па-кіпарыснаму стройны, але яшчэ i разбукечаны, неяк па-мяшчанску сыты, ненатуральна для яго.

Прылёг пад сасонкай на паляне, у рэдкім, з плямамі сонца, цянёчку.

Ад ветрыку, што варушыцца нізам, кланяецца ружаватымі гронкамі насенне шчаўя, кланяюцца мятліца i "таўкачыкі", пад якімі ціха, устойліва жывуць чабор i смолкі. Ад ветру, што ходзіць угары, час ад часу шуміць нават панурая, нібы змрочная лістота векавых дубоў. А вышэй — па блакіце — у раскошнай ляноце плывуць, як скубеныя кавалачкі ваты, невялікія, рэдкія аблачынкі.

Добра ўспомніць, што такое замілаванне ў мяне — не прафесійнае, не знешняе, а з патрэбы, якую я адчуваў, здаецца, ад нараджэння, i ў немагчымасці перадаць сваё захапленне красой, таксама ўжо вельмі даўно, знаходзіў трывожную, з гаючым сумам асалоду.

На паляне, дзе цяпер пішу, некалькі дзён таму назад, калі яна, перад дажджамі i холадам, была таксама сонечнай, я — заціхнуўшы ад той самай трывогі — пачуў здалёк, ад вёскі, радыё. Грыг. Як я ні слаба ведаю яго — пазнаў. Чароўная песня Сольвейг. І стала зноў шчасліва, невытлумачальна ясна, як добра яна, музыка, перадае нашы пачуцці, як яна неабходна i мастацтву слова.

1968

Загрузка...