ПОЗНІ АГЕНЬЧЫК


Вяселле ад маладое пераехала да маладога — гасцінцам, у суседнюю вёску, за два кіламетры. Адзін з гулякаў забавіўся дома, адстаў i пайшоў пехатою. Зіма, ноч, а ён, вядома, пад чаркай. Брыў насустрач ветру з макраватым снегам у твар. Вецер сарваў з яго шапку. Дзяцюк дагнаў яе, насунуў мацней, угрунтаваўся на нагах, пайшоў. Доўга ішоў, бясконца доўга — спачатку ўсё на сваю дарогу, на насып гасцінца выходзіў, а потым адчуў, што дарогі няма, што ў завірусе ён — проста кудысьці ідзе... Барозны, раўкі, зноў роўнае, зноў барозны...

Потым, нарэшце, у снежнай, шчымліва-сякучай муці яму паказаўся далёкі агеньчык. Яшчэ адзін роў... Не, тут ён, ужо амаль зусім не п'яны, зразумеў, што гэта не роў, a нізкае рэчышча... Праз нізкі ў снезе дрот агароджы, потым цераз штыкеты ён пералез i, нарэшце, пастукаў у жывое акно!..

Ён быў страшэнна стомлены, мокры, аднак ужо не спалоханы, без прыкметнай на твары няёмкасці — па праву чалавека, якому патрэбен ратунак. Мой брат, братавая i дзеці спалі, адзін я, месячны госць, чытаў у кухні за стадом. На нашу нягучную гаману, спачатку ў сенях, потым у кухні, ніхто не прачнуўся. Я прымусіў яго распрануцца, надзець сухое, паслаў яму на тапчане, знайшоў i наліў ад прастуды чарку, хлеба, сала, цыбуліну даў. І ён мне расказаў сяк-так, што здарылася. Я сказаў яму спаць, дый сам ужо больш не чытаў, лёг у хаце. Добра за поўнач.

Ен пайшоў, калі ўсе яшчэ спалі, адна толькі гаспадыня ўстала. Надзеў свае даспехі, якія мы ўчора развесілі каля гарачай грубы, i пайшоў, ужо зусім у цвярозай няёмкасці.

Калі б не мой позні агеньчык, хлопцу было б вельмі дрэнна. У сваёй упартай упэўненасці знайсці спачатку дарогу, а потым якое жыллё, ён брыў наслепа — якраз туды, у той бок, дзе за вёскай (братава хата наводшыбе) пачыналіся крутыя ўзгоркі, сярод якіх, наўпоперак — глыбокія, "воўчыя" яры...

Я не запомніў, чый ён у сваёй вёсцы, за шэсць кіламетраў ад нашай, а ён ні ў мяне, ні ў братавай не спытаўся, хто мы, хто тут жыве. I гэта яшчэ лепш. Проста помніцца. Вось ужо i шаснаццаць гадоў.

1977

Загрузка...