ЦЁТАЧКА


— Дзеці, як тут праехаць на Ціхі Бор?

Парачка вясковых другакласнікаў. От сабе,

так сабе хлопчык у шэрай, добра такі пацёртай леташняй форме, без шапкі, палавенькі ды загарэлы. A дзяўчынка — ну, гаспадыня! Хусцінка "пад бараду", світар чысценькі, спаднічка, панчошкі, туфелькі, поўны партфель,— на пацеху. Прастадушна разумныя вочы. І павага, саліднасць — проста зусім як у мамы.

— Вам трэба было вунь дзе, там павярнуць, каля дубоў. Улева... Не, адтулека едучы — управа. Па той дарозе.

— А вы адкуль?

— Мы з Вішнякоў.

— Далека гэта?

— Не, не вельмі.

Хлопец маўчыць, як маўклівы або зацюканы прымак, а гаворыць "сама". І ручкай паказвае ў той бок, дзе мне, нават i з вышыні майго росту, вёскі за ўзгоркам не відно. Расставацца не хочацца, i я пытаюся, нібы прашу:

— А можа, вы правялі б нас?

Маўчанне. Вагаецца. Яно i ў "Масквічы" праехацца добра, але ж... І кажа нарэшце ці то падаросламу заклапочана, ці то па-дзіцячы, ледзь не ўздыхнуўшы:

— Далекавата...

Цяпер ужо маўчанне з нашага боку. Мы — адзін на дарозе, а двух з машыны — проста любуемся.

— Ну, дык бывайце, дзеці, здаровы... Усцешаныя гэтай сустрэчай, гаворым пра яе, a неўзабаве, ад'ехаўшы трохі, заўважаем, што Вішнякі — зусім за ўзгорачкам. А круг на Ціхі Бор, як хутка аказалася, кіламетры ca тры. І праўда, цётачка, далекавата.

1969

Загрузка...