ВЕРАСЕНЬ


Дубовыя бочкі — звонкія, літыя — моцна стаяць на зямлі. Кошыкі зялёныя, лазовыя, i белыя, з карэння. Рашоты напамінаюць духмянасць свежай мукі, ражкі — гарачы, масляны пах аладак. Вазы, скрынкі, мяхі, у якіх парасяты. Несціханы, няўмольны парасячы віск. Неабходны смурод. Грузавыя машыны стаяць асобна, легкавыя i матацыклы — таксама. Сельпоўскія грузавікі з каляровай стракатасцю шырпатрэба — ад газавай хусцінкі да чорных, непераможных ботаў. Вязкі i "ніткі" сухіх грыбоў. Колькі працы i радасці, красы роднай прыроды ў гэтым моцным, здаровым, хвалюючым водары! Сала аполкамі. Буйныя светла-карычневыя яйкі. Жоўценькае масла.

— Яно ў вас смачнае?

— Не-а.

— Я на нюх пазнаю.

— А я дык яго ні на нюх, ні на слух не ведаю. От, ем сабе, колькі жыву, ад аднае каровы.

Хітрая, спраўная, стрымана вясёлая жанчына. Амаль маладзіца, a ўжо чырвоныя боцікі хоча купіць не сабе, а дачцэ.

Яблыкі, грушы, слівы!.. Кладучы на вагу, цётка (другая ўжо, старэйшая) не вельмі каб спрытна стараецца выбіраць драбнейшыя. Дый важыць па-аптэчнаму. A ў дзядзькі — менш дамавітага, больш бывалага — больш паэтычных адносін да жыцця.

— Я што — за яблыка ці за грушу буду дрыжаць? На табе, браце, i перавес.

Ясны i цёплы верасень. Дзень, што пачаўся туманам, а потым — калі нам з дарогі, з дубовага гаю адкрыўся горад з чырванадахім касцёлам i бура-цагляным агрызкам руінаў на замчышчы — стаў неяк раптам сонечны. Ажно стары, маўклівы шафёр не вытрымаў:

— Навагрудак у аб'яціях сонца!

Апоўдні, калі мы вярталіся ў Мінск, туманец яшчэ слаўся, поўз над свежай раллёю, каля маладога густога ельнічку прыдарожнай ахоўнай паласы. Радасны сум асенняга, небезнадзейнага завядання, пра які яшчэ трэба бясконца пісаць.

Любуючыся красой палёў, думаў пра нейкага дзядзьку з вунь таго хутара ці з гэтай вёскі: як жа ён успрымае ўсё гэтае хараство? Проста жыве ў ім, у спакоі шчаслівага спажыўца? Як птушка?..

A хто ж тады песні складаў народныя?

А мы адкуль узяліся — тыя, што пішам?..

1970

Загрузка...