Абедаў у рэстаране гасцініцы за адным сталом з маладой, сціплай парай рабочых.
Ён "выконвае заданне" ў Ліепаі, а яна вось прыехала да яго з трохмесячнай дачушкай у госці. Ён выехаў насустрач, сустрэліся тут, у Рызе, чакаюць ліепайскага цягніка. Зайшлі паабедаць, i з малым яе ў рэстаран не пусцілі... Што ж, палажылі дачушку ў вестыбюлі, на канапе пад фікусамі, даручыўшы яе старэнькаму швейцару, латышу.
Маці — у просценькай сукенцы, бландзінка з далікатнымі рысамі твару i слядамі дзіцячасці ў гэтых рысах. Відаць, вясёлая была, любіла ўзяць ад жыцця, а цяпер — пацяжэла, парыхлела, пабрыдчэла часова, аднак не аддасць свайго новага шчасця за мінулыя радасці.
Бацька — чорны, стомлены, непрыкметнай знешнасці рабацяга, які "души не чает" ад шчасця сустрэчы, знаёмства з дачкой.
Шапталіся яны, шапталіся, i ён узяў усё ж такі сто грам i бутэльку піва.
— Испортился я у тебя, — сказаў з харошай рускай шчырасцю, з усмешкай, пра якую пісалі Талстой i Чэхаў.
Бацька выпіў гарэлку, a маці прыгубіла піва. І пачалі есці — проста, салідна, заслужана, як ядуць людзі працы.
Якой непрыкметнай, звычайнай бывае збоку — на фоне агульнага, грамадскага — гэта прыгожая асабістая радасць, асабістае шчасце!..
1954