"ЗАВІРОЧВАЙЦЕ"


Зноў думалася пра тое дзеўчаня, што недзе ў летняй палескай вёсцы паказвала нам дарогу ў другую, патрэбную вёску, i развесяліла нас, расчуліла незвычайным словам.

— Вам трэба туды, за магазін, вы туды завірочвайце!

Не толькі словам развесяліла, расчуліла...

Адзін з нас зняў дзяўчынку там, дзе мы спынілі яе,— каля плоціка, за якім, над якім узвышалася пірамідка помніка, каля яшчэ адной магілы, ужо не закатаваных гітлераўскімі карнікамі старых, жанчын i такіх, як гэтая малая, а салдацкага, нават сімвалічнага, па тых, што палеглі не дома.

Гадоў дзяўчынцы каля дзесяці, а можа, i трохі больш. Босыя ножкі, вельмі старанна стуленыя ступачкі, светла-стракатая караткаватая сукеначка, просценька мілы, пасур'ёзнелы перад аб'ектывам тварык. Яшчэ адны чыстыя, ясныя вочы народнай несмяротнасці.

Дакор многаму, што было раней...

Трывога: а што ж будзе з такімі, з наступнымі?

Адно, здаецца, убачыў у тых вачах, а другое — адчуў.

Але ж i радасць была ў нас,— нібы вады крынічнай напіліся. Бо спатканне такое — пасля новых ды новых жахлівых расказаў у папярэдняй вёсцы, сённяшняй, i ва ўчарашніх, пазаўчарашніх...

У нашай кнізе "Я з вогненнай вёскі...", да якой мы тады рыхтаваліся, дзяўчынцы гэтай месца не знайшлося. Нават на здымак з адпаведным подпісам, пра што мы, калі ўжо ехалі адтуль, пагаварылі. Во здымак, як тут ні шкадуй, узяў ды... не надта ўдаўся.

I вось яна стаіць у маёй памяці. Стаіць каля шэрага нізкага плоціка, пад прымітыўна "створаным" i абгароджаным помнікам, стаіць са сваімі быстрымі босымі ножкамі, з непераможна i да болю сумна чыстымі вачыма, ca сваім нязвычным "завірочвайце", стаіць, а я ўсё ніяк — ужо дзевяты год — не разбяруся, не вырашу: тэма гэта ці толькі светлы, шчымлівы ўспамін?..

1980

Загрузка...