Ен быў каваль, адзін на тры вёскі, чалавек патрэбны i паважаны. А жонку прывёз сабе аднекуль здалёк. Танклявую, віскліва-галасістую i дзікаватую неахайніцу. Яго за радзімую пляму на шчацэ празвалі Лапай, а на яе адразу прыдумалі Магдалена, — нібы без сэнсу, але нечым для ўсіх зразумела i смешна.
Кузня звінела ў вёсцы, a жылі яны на хутары за вёскай. І Магдалена, як толькі ўбачыць праз акно, што нехта ідзе, на ўсякі выпадак хавалася ў каморку. Ужо i дзеці ў ix пайшлі, ужо тым часам i пастушкамі на пашу павыбягалі, a маці ўсё ніяк не магла асвойтацца.
Адзін з вясёлых мужчын, Паўлюк Калоша, дык той, праходзячы каля Лапавага хутарка, адразу ў хату не заходзіў,— ішоў у каморку i заглядаў за бочку ці за скрыню:
— Ага, ты сёння тут! Здарова, Магдаленіца!
А яна — сарамліва, збянтэжана:
— Гы-гы-гы! Я думала, дзядзька, што гэта не ты...
Неахайнасцю яна, як Лапа работай, славілася далека.
Даўно гэта было, аднак я добра бачу той колішні хутарок на ўзгорачку пры дарозе, а побач з ім, у лагчыне, круглую сажалку, аброслую аерам i зацягнутую раскай. У сажал цы бокам, да палавіны ў вадзе, застыла ражачка, у якой рашчыняюцца аладкі. На ражцы сядзіць ды час ад часу, у паэтычнай журбоце, кумкае жаба. Вялізная, надзьмутая. Спудзіш яе каменьчыкам — боўтнецца зелянуха ў твань, а ражачка нават не скалыхнецца. Так яна адмакала ад былой да наступнай нядзелі, калі ў нас, па даўняму звычаю, абавязкова пякліся аладкі.
Калі ж Магдалена, для раснастайнасці, варыла галушкі з цёртай бульбы, дык адціскала ix... у падоле спадніцы.
— Што ты робіш? — зжахнуўся аднойчы хтосьці з жанчын. А яна:
— Гы-гы-гы! Мой сажроць!.. Крылатым стала ў нас тое "сажроць", ім карысталіся, гаворачы не толькі пра Магдалену.
I я згадаў тую даўніцу не так сабе. Не раз, не два разы, калі чытаеш сякія-такія мастацкія творы, i рыфмаваныя, i не, успамінаюцца тая ідылія з ражкай i тыя галушкі.
Прасцяк i добрая душа, Лапа — той хоць пад чаркай, хоць зрэдку ганяў сваю палавіну — вучыў.
Наш чытач, як часамі здаецца, куды ласкавейшы,— сажроць!..
1972