ПОЗНА — НЕ ПОЗНА


Мой друг паляк піша ў сваім пісьме:

"Прывітанне Табе перадае мая Мама".

Калі ў першым выпадку, дзе датычыцца мяне, вялікая літара можа лічыцца праяўленнем звычайнай ветлівасці, дык за вялікай літарай у слове найдаражэйшым бачыцца мне сыноўняя чуласць, якую я назіраў у свой час, будучы госцем у іхнім доме.

І я любіў сваю не менш, чым ён, аднак даводзіў ёй гэта, відаць, не так, як трэба было, як хацелася нам абаім. І вось зайздрошчу i шкадую, патаемна i сумнавата, бо — позна.

Мне трэба даць свайму польскаму другу тэрміновую тэлеграму. На пошту я прыйшоў вельмі рана, там была адна толькі дзяжурная тэлеграфістка. Літоўка, бо Друскінінкай, як вядома, Літва. Зазваніў тэлефон, i жанчына, падняўшы трубку, ветла сказала камусьці: "Лабас рытас!" — добрай раніцы. Не адказала таму камусьці, а першая так прывітала яго.

І тут мне ўспомнілася шмат званкоў, пачутых рознай парою многіх сутак: "Хто гаворыць?", "Куды я трапіў?", 'Тэта кватэра?.."

Умоўнасці? Дробязі?

Але ж i зайздрасць — таксама.

1972

Загрузка...