СУСТРЭЧА І РАЗЛУКА


Вялікая, брукаваная плошча ў мястэчку. Позняя раніца. Спёка. Рэпрадуктар грыміць ca слупа — перадае бясконцы нарыс пра жніво. А слухаць няма каму. Калгаснікі ў полі. Малыя — хто на пашы, хто каля возера. Толькі тры курыцы ходзяць на плошчы ды каля ганка зачыненага сельмага, дзе некалькі разоў на дзень спыняецца аўтобус, проста на санцапёку сядзіць дзядок. Доўга сядзіць, бо спяшацца няма куды...

Потым сюды падыходзіць другі. Таксама з вёскі, ехаць кудысьці сабраўся. Сівы, прыгорблены, з кульбай.

— Здаецца, Тодар Яцына? Здароў, калі так!

Той, што сядзіць, прыгледзеўся.

— Ты, Стасевіч? А бо-о-о!.. Сядай, браток, ды хоць, як людзі, пагаворым...

Старыя вітаюцца за руку, садзяцца побач i пачынаюць выясняць, колькі ж гэта гадоў яны не бачыліся. Нешта так будзе — ці ўсе пятнаццаць, ці толькі чатырнаццаць...

Яшчэ i да палавіны гэтай тэмы не дабраліся, калі на плошчу, нібы нечакана, выкаціў i спыніўся гарачы, запылены аўтобус.

— Паставы? Гэта мой!.. А ты, браток, куды?

— Я ў Вільню. Мой гадзіны праз дзве, а то i больш...

— Ну, дык бывай, Яцына! Дасць Бог — сустрэнемся, пагаворым.

Гул матора — уцёк. Пыл спакваля аблёг. На плошчы зноў цішыня.

Толькі нарыс па радыё... Ён таксама, здаецца, разлічаны на стагоддзе.

1956

Загрузка...