Пасля XXII з'езда ў нашым пісьменніцкім клубе выступаў лектар ЦК КПСС. Гаварыў ён па пісаным, a ўжо адказваючы на пытанні разгаманіўся шчырэй. Што запомнілася: тры сталінскія забойствы — Кіраў, Горкі, Крупская, i "тое, што мы цяпер гаворым пра яго,— дзесяць працэнтаў з таго, што ведае цэнтральны камітэт"...
Гэта было першае i апошняе выступленне таго лектара ў Мінску — яго папрасілі вярнуцца ў Маскву.
Да нас прыйшоў таварыш X., дэлегат з'езда, сакратар ЦК па прапагандзе. З яго роўненькага, адаптаванага выступлення запомніўся толькі адказ на пытанне: а што будзе з тымі, па чыіх даносах садзілі, ссылалі, расстрэльвалі?
"Таварышы,— сказаў ён,— не трэба помсты, не трэба болей лішняй крыві".
На гэта "выбухнулі" апладысменты, кароткія, міжвольныя, неасцярожныя, сіламі не больш сямі-васьмі чалавек. Дваіх я заўважыў, але ж няма належнай упэўненасці, каб ix тут называць.
Саюзу пісьменнікаў быў дадзены гонар першаму патрабаваць зняць помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы. Быў мітынг, былі выступленні, з крыкунамі на ўсіх паваротах.
А ноччу мяне разбудзіў недалёкі выбух. Момант — гістарычны. Я ўстаў, адзеўся i выйшаў паглядзець. Дарма. Плошча была шчыльна ачэплена вайскоўцамі, ніякія просьбы не памаглі.
Уранні жонка пайшла ў магазін. Пошукі хлеба завялі яе на далёкую вуліцу па-за межам! ачаплення. Вярнуўшыся, яна расказала, як на той вуліцы з Цэнтральнай плошчы, на якой з ночы, пасля выбухаў, гурчэла, грукала тэхніка, ішоў грузавік з поўным кузавам гістарычнага друзу, на якім зверху ляжаў вялізны Сталінаў бот.
Людзей там стаяла больш, чым магло быць звычайна. Рогат i крыкі. Асабліва моладзь.
А бабка з кашолкай, як прарочыца, на ўсіх:
— Смейцеся, смейцеся! Памрэ гэты — i гэтага.
1987