На хутары ў лесе — прыгожыя дзеўкі. Ажно напіцца захацелася, калі ўбачыў ix у акне.
Маці:
— Каб хлеба, дык не далі б, бо няма. А вады — чаму ж.
— Ой, мама, ну вас!..— перапыніла малодшая дачка.
Памыла шклянку, узяла вядро i каля студні, пакуль я даставаў ваду i піў, расказала, што скончыла дзесяць класаў, прадуе ў недалёкай вёсцы піянерважатай. Косы — уразлёт. Шчырыя чорныя вочы.
І не пасмеў спытацца, ці праўда, што хлеба няма...
Паўднёвы, балоцісты бераг. Прарвала граблю. Многа вады.
— Дачка мая перавязе вас,— сказала гаваркая ветлая цётка, у якой мы спыталіся рады.— Вунь, бачыце, у сітняку відаць яе чырвоная хусцінка! Гэлечка! Гані лодку сюды!..
Гэля — мы хутка пераканаліся — гнала лодку не горш за мужчыну. У восьмым класе, a ўжо як дарослая дзеўка. У футболцы i шараварах, а зверху спаднічка. Хусцінка ўсё з'язджала на шыю. Саромелася перавозчыца, пра ўсё трэба было выпытваць. А потым, калі мы з сушы памахалі ёй шапкамі,— i яна памахала нам моцнай рукой, перабіраючы яшчэ дзіцячымі пальцамі, i хораша, на доўгую памяць усміхнулася.
Не можа быць, каб гэта тыя рублі, што мы — амаль сілай — далі ёй, так разварушылі ціхую дзяўчынку. Проста — зноў адна ў лодцы — яна адчула сябе вальней...
1955