За вялікімі шыбамі параходнага салона — сонца, амурскія хвалі i сопкі, якія i нам, навічкам, ужо здаюцца аднастайна экзатычнымі. Зблізку яны шэрыя сваёй камяністасцю i жыва — проста, здаецца, адчуваеш яе — парослыя зелянінай, вечнай i некранутак. Здалёк — чым далей, тым больш засмужаныя.
Зрэдку трапляюцца вёскі, каля якіх наш "Калінін" паволі, грунтоўна становіцца на якар i спускае шлюпку.
Ноччу гэта было цікава. Святло пражэктара паўзло па шэрым беразе, па шэрых, крытых драніцай хатах, па шумным натоўпе дарослых i дзяцей, што беглі да прычала. Якая навіна!.. Ад парахода да парахода — вось i жывая сувязь ca светам. У крузе пражэктарнага святла — усхваляваная чародка людзей; над імі — былінны, васняцоўскі месяц; да ix ад борта парахода паўзе поўная шлюпка. Звычайна, нудна, усюды адну i тую ж польку рыпае прывітальна мясцовы гармонік. З лодкі высядаюць мамы, таты, сестры, браты i дзеці, што вярнуліся з далёкага Камсамольска, з гарадскімі пакупкамі...
А навокал — тайга. На многія сотні кіламетраў. Ужо не толькі ведаю гэта з чужых слоў, але ж i адчуваю...
Сумна тут жыць?
А што я думаў часамі ў родных мясцінах, праязджаючы каля самотнага хутарка? Вярнуцца з горада, ад вялікай культуры — у такую хатку?.. Нават у родную вёску, з яе непралазнай восеньскай гразёй, з адчайна сумнымі вечарамі?.. Гэта парой здавалася немагчымым, як немагчыма пеўню вярнуцца ў яйка. Аднак жа мне не толькі ў гады маладосці было там не сумна: i цяпер мне часта хочацца ўцячы туды, i ўцякаю,— каб палячыцца зямлёй, цішынёй...
Успамінаю пакінуты Камсамольск. Нуднаваты Бабруйск на вялізнай раўніне, паміж далёкімі сопкамі, на беразе ракі, шырынёй — не верыцца! — сем кіламетраў. Было сумнавата часамі, у пыльнай i суровай аднастайнасці, было б яшчэ сумней, каб не сустрэчы.
Добра было з чытачамі-студэнтамі ў адной з гарадскіх бібліятэк. Яшчэ цікавей — з рабочымі "Амурсталі". Каля ix вогненна-велічных мартэнаў, у ленінскім кутку, за гасцінным стадом. У маладзёжных інтэрнатах неяк вельмі ж па-свойску легка было i расказваць пра Беларусь, пра нашу культуру, i чытаць сваё, калісьці, у адзіноце, народжанае натхнёным болем i шчасцем...
На амурскіх выспах расце высокі зблізку тальнік i радасна рассцілаюцца пляжныя пяскі.
Пазаўчора мы здорава адпачылі на адной з такіх выспаў, гасцюючы ў мілай беларускаўкраінскай сям'і. З юшкай, чаркай, купаннем i беганінай. З вогнішчам i песнямі — увечары, калі мы чакалі кацера, што спазняўся.
З тальніка капала — нібы вось-вось пачнецца дождж. Амур заціх магутнай цішынёй. А на тым беразе ўепыхнула, нам у падтрымку, другое вогнішча. Відаць, рыбацкае: заўтра нядзеля. Сіпла, прапітым басам рыкаў з таго боку, з далёкага статка бугай. Пясок, з якога сышла вада, разрысаваны быў хвалямі на дзіва аднолькавым, рытмічным узорам...
У вячэрняй халаднаватай свежасці, на кацеры, які забраў нас нарэшце з вострава, пахатняму люба было выпіць далёкаўсходняга сырадою, пастаяўшы ў чарзе да бітона за белагаловым беларуска-ўкраінскім хлопчыкам, што ўжо закончыў першы клас i добра іграе на скрыпцы. Між іншых — i татаву родную "Перапёлачку"...
Што да прыгажосці прыроды, дык i тут, на параходзе, мне даволі часта ўспамінаецца Чэ-
хаў. Асабліва на захадзе сонца i зорнай ноччу. "Апісаць гэтую прыгажосць я ніяк не магу, я прызнаю сябе жабраком..."
1962