МАЎЧУН


Два сабакі ў аднаго гаспадара. Сусед гаворыць, што без патрэбы, а "з пустога інцярэсу".

Большы цюцька — нішто сабе, белы, увішны, гладкі, з ружовым чмысікам. Будка ёсць, але навязаным яго не ўбачыш. І брэхам не сустракае, як іншыя на суседніх дварах. Углядаецца толькі, здалёк пазнаўшы знаёмага, а як заўважыць, што ты ў прыязным настроі, нават прыцмокнеш ці скажаш слова якое, дык i ўстане, i хвастом павіляе, i крануцца да цябе гатоў,— можа, што i дасі або хоць пагладзіш.

Меншы сабака — нейкі дзівак. Рыжа-пярэсты, на смех астрыжаны хлапчукамі, галавасты ад неастрыжанай лабаціны. Калі папросяць, можа i пастаяць на задніх лапах. І няежны, што ні давай, проста чым толькі i жыве. От, сядзіць ды маўчыць.

— Разумны! — хваліць яго гаспадыня, вясёлая маці двух белагаловых хлапчукоў.

У падмацунак гэтаму слову яна расказала мне, як ён неяк прыбег аднекуль дахаты, скуголіў, цёрся каля яе — клікаў кудысьці.

— Вось-вось, здаецца, i скажа: хадзем!

Пайшла за ім. Хлопцаў якраз на двары не было, пайшла сама, хоць i на ферму трэба было. Цераз сядзібу, агарод, цераз дарогу — у лес. Каб ты прапаў! Была спынілася, дык ён вярнуўся, зноў трэцца каля ног ды паскавытвае. Пайшлі далей.

I што вы думаеце? Прывёў мяне туды, дзе гэты во, Белы, сядзеў у пятлі, што на зайца пастаўлена. Ужо ледзь зіпае, бедны. Ледзь я яго аслабаніла з той пятлі!..

Пра рыжа-пярэстага модніка гамана, а ён сядзіць i маўчыць.

З пашаны даў бы яму што-небудзь, але ў мяне няма, а ён жа нічога не хоча.

1985

Загрузка...