АСТРАВОК


На хутары, дзе садок, i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.

Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду ca студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы... Малодшы брат, гаспадар, вазіў летась яблыкі прадаваць — з Наваградчыны ў Маскву — i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася — салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хусту.

Увечары "дурань" зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў аберуч — як карону.

— Куды ты, Іване? — пытаецца цярплівая i ціхая жанчына — маці.

— У кіно.

— Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.

— А пад канец яшчэ цікавей.

Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..

— Малому дарогу саступіць,— кажуць пра хлопца сямейнікі.

I шкадуюць яго ўсе — i брат, i братавая, i сястра-школьніца, i дзед.

Дзед — цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. І вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту.

— Як на свет нарадзіўся, сынок! — расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся.— А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: "Дзеду, лявей! Дзеду, правей!.."

Дзед есць зацірку толькі з хлебам i злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая:

— Сама, відаць, хадзіла па ваду!..

Увечары выпіў з намі — цэлую шклянку самагону — i пачаў успамінаць. Ну, спачатку — бліжэйшае. Як ён на ўнукавым вяселлі "ўзяў" трошкі не літар i нават яшчэ "барыню" паскакаў. Як сын яго, Лёўка, насіў у млыне на другі наверх па два шасціпудовыя мяхі зараз, узяўшы пад пахі, а потым — булава, царства яму нябеснае, напіўшыся п'яны, прастудзіўся за ноч у канаве i памёр... Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк трошкі вусцішна. Што памятае жывы чалавек!.. У другой палавіне дваццатага веку — успамінае пра турэцкую вайну!.. Праўда, на Шыпцы сам ён не быў — па пашы бегаў яшчэ, але ж палонных туркаў бачыў многа. У графскім маёнтку.

— Шапкі высокія, чырвоныя. Снапоў накладуць у параконныя кары — толькі ў драбіны, не болей, палягуць туды шасцёх i паехалі!.. Яшчэ, кажуць, пазвальваемся! Ха-ха-ха!..— рагоча, аж хіхікае, як малы.

Уранні папрасіў мяне зняць яго на картачку — пад яблыняй, з маленькім праўнукам на каленях. Табурэтку паставілі ў бульбе, якая цвіце.

1958

Загрузка...