Радасць цемры ці подласці, якая "сказала праўду":
— Гэта ж не твае родныя тата i мама, яны цябе толькі ўзялі...
Калі тая ці той сірата зразумее ўсё па-належнаму, наколькі вышэй за "праўдалюбца" стане яна ці ён у сваёй ранняй сталасці!
Успамінаецца, што адчулі мае знаёмыя, кал i ix дачушка, згубленая ў вайну i выгадаваная чужымі ажно ў Омску, адмовілася ехаць ад сваіх да сваіх. Успамінаецца таксама даўно прачытанае ў газеце, як у падобнай сітуацыі, не могучы падзяліць аднымі выгадаванае, a другімі — нарэшце! — знойдзенае дзіця, дзве чужыя сям'і прыйшлі да мудрага рашэння — парадніцца, узаконіўшы роднасць сваю афіцыйна.
Дзеці "падкідышы", або "пакідышы", якіх я аднойчы многа бачыў у Наваградку, дапамагаў ім пераходзіць цераз кладку каля касцёла, у якім быў ахрышчаны Міцкевіч. Нязручна дый няёмка было ix апярэджваць, i я падхапіў, перанёс адно, яшчэ i яшчэ адно... Яны наперабой ліпнулі да мяне, i цяжка, нельга было адчапіцца. Ад сваіх выхавацельніц, што ў нейкай меры замяняюць ім маці, яны так пяшчотна, так прагна гарнуліся да мяне, мужчыны, сказаў бы, адчуваючы "бацькоўскую недастатковасць".
У Нарыльску, у найлепшым, які мне дагэтуль давялося бачыць, дзіцячым садзе, загадчыца яго, кандыдат педагагічных навук, аўтар спецыяльных дапаможнікаў, чалавек на ўсю душу аддадзены сваёй справе, сказала нам між іншым i такое:
— Самая ідэальная выхавацельніца не зможа ўсіх ix пацалаваць, як маці. Сям'ю, таварышы, нішто не зможа замяніць.
А недзе там над гэтым... не, лепш пад гэтым чуваць "цвярозае", "праўдзівае" гы-гыгы:
— Гэта ж не твае родныя тата i мама...
1983