Баба Катрына магла б, здаецца, i да самога Бога кінуцца з чапялой. Ці ты чапаў яе, ці не чапаў — глядзі, каб самому як адчапіцца. А называлі старую — з-за дзвюх пчаліных калод, што ўжо даўно струхлелі пад яблынямі,— Катрына Салодкая.
Калі б так гаварылі пра дачку старое, ціхую маладзіцу Проську, што i жыла, i спала з харошай, мілай усмешкай,— відаць, не смешна было б, не прыліпла б так гладка, як да Катрыны.
Пайшла ў нашай ваколіцы пошасць — баптысты. Загаварылі яны Проську, заваражылі песнямі, i стала яна першая ў сваёй вёсцы святой. Прымак яе спачатку мармытаў, што "брыдка ад людзей", а потым заціх, нібы i сам заслухаўся ў Просьчыны песні. Баба Катрына спачатку грызла i нават біла дачку, а потым — хто б гэта спадзяваўся! — i сама падалася туды ж.
Я быў яшчэ хлапчуком, калі яна — высокая, панурая, з доўгім бярозавым кіем — прыйшла з Сасноўкі да нас. Напрадвесні, за тры кіламетры. Мая бабуля была яе траюраднай сястрой, яны сябравалі з маленства, i Салодкая палічыла, што разводдзе разводдзем, а памагчы Таклюсі трапіць у царства нябеснае трэба. "Идите и проповедуйте Евангелие всей твари",— сказаў Гасподзь. А чым Таклюся не "тварь"?
Сядзяць яны, капусту сёрбаюць, i баба Катрына грыміць на ўсю хату — гоніць гасподняе слова, як малатарня салому. Рэпертуар яе (як на мой сённяшні розум) быў не надта багаты: што ад другіх пачула, бо i сама, i Проська былі непісьменныя. Ды гаварыла яна незвычайна i страшна, як нейкі злосны, грозны поп. Але не брала яе злосць маю бабулю. Хадзіць у Катрыніну вёску на "сабраніё" яна не хоча, ахрысціцца яшчэ раз — i не думае, не забівае нікога, не крадзе, не курыць — чаго ты хочаш?.. I спынілася баба Катрына на п'янстве. Няможна піць.
— Ці ты, мілая, звар'яцела — калі ж я п'ю?
— Яна не п'е! Нікому піць няможна! Каб ix смала спіла! П'яніца царства божага не наследуе!
— Ну, п'яніца-то п'яніца. Але ж калі яно з добрымі людзьмі ды прычына якая, то трэба i выпіць. Свіннёй не будзь, а чарачку...
Баба Катрына, з поўнай лыжкай у руцэ, раптам заціхла, слухае.
— Але, Таклюся, чарачку,— раптам сказала яна задумана i мякка.— Чарачку вып'еш, i гэтак яно добранька! Так i пойдзе цяпло па ўсім целе...
І ўсміхнулася страшная баба — нібы яе Проська, нібы i праўда — Катрына Салодкая.
1966