ТАВАРЫШ СПАЖЫВЕЦ


Вясна спазнілася. Лісця i кветак чакалі доўга нават i тут, на поўдні. І таму, калі пры горнай сцяжыне зацвіла нарэшце японская ружа, многім хацелася спыніцца пад гэтым дрэўцам i пастаяць.

Кветкі японскай ружы маленькія. Павісне на нераскрытым бутончыку дажджавая кропля — амаль абое роўныя, абое ружовыя ў ранішнім сонцы.

Калі я, паднімаючыся ў горы або вяртаючыся ў горад, спыняўся на хрусткай дарожцы i любаваўся безліччу гэтых кветачак, яны мне здаваліся дзецьмі вялікіх, сапраўдных ружаў.

А яшчэ адно. Праз голле i кветкі гэтага райскага дрэва вельмі добра было глядзець на далёк! Эльбрус — ненатуральна i дзіўна, радасна белы.

У мностве кветак урачыста i заклапочана звінела не меншае мноства пчол. Грэла доўгачаканае сонца. Зверху спявалі жаўранкі, у дрэвах гулліва пераклікаліся берасцянкі. У сонцы раставала, як нябачны мёд, духмянасць новай вясны.

А пры сцяжыне — сімвалам вечнага абнаўлення — стаяла юнае, нікім не кранутае дрэўца.

Ды пасля тут прайшоў адзін "хворы"...

Я не бачыў яго каля дрэўца, ён сустрэўся мне крокаў за дваццаць вышэй.

Тоўсты, да пояса голы, у паласатых піжамных штанах, ружовенькі ад першага загару i апацелы тлушчам самаздаволенага здароўя,— ён нёс у зубах толькі што абламаную галінку нашай ружы.

Яна яму таксама спадабалася. І ён яе хутка кіне пад ногі.

У памяці маёй сам па сабе ўсплыў далёкі мал юнак.

Сонца праз шкло. Румяныя піраміды яблыкаў. Адзін з павільёнаў Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Пад, шклом, у сонцы, у духмянасці хадзілі людзі, многа людзей — з усіх канцоў краіны, з-за мяжы. Дарослыя, дзеці. І толькі адзін працягнуў да піраміды руку.

Малодшы лейтэнант Адам узяў вялікі яблык i даў яго сваёй, таксама маладзенькай, Еве. Ева з гуллівай прагнасцю ўпілася ў яблыка белымі, нядаўна такімі прыгожымі ў смеху зубамі. А да Адама падышла бабуля, што ціха, непрыкметна дзяжурыла каля дзвярэй. Яна яго сарамаціла, як дарослага, але яшчэ ўсё нясталага ўнука, а хлопец, раптам узмакрэлы i чырвоны, занароўлена, жалю варта апраўдваўся:

— Ну што вам — яблыка шкада? Аднаго толькі яблыка? Аднаго?..

За час, які прайшоў пасля гэтага выпадку, я пасталеў яшчэ на дзесяць гадоў. Аднак i сёння я разумею таго Адама ў першым золаце пагонаў, побач з прыгожай, модненькай i таксама наіўнай Евай. Разумею, бо сам памятаю, як гэта можна шчасліва, бясконца шчасліва дурнець ад пачуццяў...

А вось гэтага — голага, тоўстага, з галінкай ружы ў зубах — я не хачу разумець. Ён мне бачыцца сытым, леным катом, з рота ў якога матузком звісае хвост недаедзенай мышы.

1964

Загрузка...