СКРЫПКА ПЯЕ


Дзіва, шчаслівае дзіва бярэ — колькі яе, прыгажосці, i як я мог жыць, не бачыўшы да сарака пяці... ну, скажам, возера Лукаўскога, з векавымі дубамі i шэрымі крыжамі на касе, або магутнай, ласкавай Гарыні?..

Прыгажосць назіралі мы спачатку з акон "кукурузніка", які нас, трох следапытаў народнага слова, нёс над астраўкамі палёў, над лясамі i шчодра залітымі сёлета балотамі Піншчыны. Нізка ляцелі — адно любуйся. Але нядоўга. Толькі што ўзняўся, здаецца, наш "По-2", a ўжо i садзіцца на прылясную паляну траскучаю птушкай. Уяўляю, што нават i "ногі" наставіў насустрач зямлі, нібы грак. Селі. Ідзіце, нюхайце добра жыта ды бульбу ў белай, густой квецені. Хоць ты з дарогі збоч ды паляжы ў ix ніцма!..

Давыд-Гарадок.

Можна злятаць на Марс, вярнуцца адтуль i застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як i стаяла сотні гадоў, спакойна i абыякава. Закідае па-бабску смешна, цераз галаву, паплёўвае на чарвяка, зрэдку здымае ў вядро краснапёрку... Многа ix тут, рыбакоў жаночага полу, відаць, ад пяці i да ста, i нікому такое не дзіўна.

Светлая хата над самай ракой. У гародзе растуць толькі кветкі, якія тут здавён сеюць на насенне. І вельмі любяць, здаецца,— не проста гандлююць. "Анюціны вочачкі",— расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Гаспадар, талковы i ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка.

Так мы глядзелі Гарынь, а потым Прыпяць. Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы па празрыстай i ціхай вадзе.

Усё прыгожа, аднак жа белыя "гускі" ў Воўчым возеры, у якое мы неўзабаве ўвайшлі з чарнаводнай, спакойнай i крыху не цераз верх перапоўненай Прыпяці,— прыгожыя асабліва. На суцэльным зялёным насціле іхніх лістоў самі "гускі" — ну, проста гусіная ферма, вялізная, толькі без гогату. І мы пайшлі тут без грукату, на вёслах, марудна разганяючы лодкай зялёна-белы цягучы насціл. Зблізку кветкі напаміналі мне жывое яшчэ з маленства ўяўленне: разрэзанае крутое яйка... Не, гэтым разам,— можа, ад думак пра бомбы i дзяцей, ад цяжкіх думак, якімі закончыўся мой учарашні дзень,— "гускі" здаваліся мне складзенымі далоньмі ручанятак з гулліва настаўленымі, як пялёсткі, пальцамі...

А зверху — раскошнае сонца i белыя воб: лакі. Плывуць паволі, амаль не плывуць. І высока, высока!..

Потым, пад вечар, нас калаціў на калдобах аўтобус. Нібы спецыяльна наняты, каб так калаціць. Але ўсё роўна мы любаваліся. I полем абапал дарогі, i хатамі пад цяжарам буслянак, i сонечным лесам...

Душою нашай пасажырскай кампаніі была разбітная, яшчэ не старая цыганка. Расказвала, добра па-беларуску, пра найбольшае шчасце свае валачашчае маладосці — як яна, седзячы побач з бацькам на возе, праехала з цэлым табарам, дарагія начальнічкі, цераз усю Варшаву!.. Пасля ўспамінаў яна пусцілася ў тэорыю — пачала нам тлумачыць ix цягу да вандравання. Гаворачы, час ад часу пакрыквала на Гарасіма, свайго басаногага хлапчука, што ўсё лез, выхіляўся з акна.

Пасля ў аўтобусе спявала скрыпка.

Іграў стары цыган. Без шапкі, лысы, у салдацкіх галіфэ i цяжкіх з выгляду кірзавых ботах. Мы дагналі яго на выездзе з чарговай вёскі, шафёр сам спыніўся, а "бэцька" адразу, толькі ўмасціўшыся на заднім сядзенні, сам пачаў іграць. За праезд. Па прывычцы.

Яна i спявала, i плакала, i рассыпалася смехам — ягоная скрыпка. І гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці — там, у глухім палескім лесе, на турботнай i пыльнай дарозе!..

Ды тут адзін з нас памыліўся... Проста не ведаў, што выйдзе з гэтага,— узяў свой фотаапарат i зняў музыку. Раз, пасля, для пэўнасці, яшчэ раз.

І скрыпка змоўкла.

Цыган i цыганка загаманілі па-свойму, гучна i незразумела. Пасля стары палажыў скрыпКУ Ў футарал, узяў мяшок, падышоў да шафера, азірнуўся на нас i пакратаў яго за плячо. Аўтобус спыніўся. Музыка выйшаў, проста ў лесе, i, выходзячы, зноў азірнуўся.

Цыганка расказала нам, што жонку гэтага чалавека ў вайну расстралялі фашысты. Сам ён хаваўся з маленькім сынам. Пасля вайны малога забралі ў дзіцячы дом. А бацька ходзіць. Не проста ходзіць, а вось ужо васемнаццаць гадоў уцякае ад тых, што забілі жонку, што i яго шукаюць, каб забіць... Па фотаапараце ён "здагадаўся", што i мы — таксама ад тых, што шукаюць яго, i таму вось уцёк...

— Няшчасны чалавек, начальнічкі... Ачулі, як ён іграе?.. А як ён танцуе нашы цыганскія танцы! Піша!.. Гарасім, не выхіляйся, дурніца,— зачэпіць галаву ды выцягне!..

У лесе — сонца i цені. Малы аўтобус трасецца па карэнні i па калдобінах.

А скрыпка спявае. Сардэчна i сумна. Хоць весела як быццам, але вельмі сумна!..

Хоць музыка, з мяшком за плячыма i з футаралам пад пахай, ідзе цяпер недзе далека за намі.

Такі беспрытульны ў сонечным свеце!..

1964

Загрузка...