НАД ПАПЛАЎКОМ


Уранні Шчара памаленьку праявілася для нас з настойлівай імглы, аднаму дала вялікага язя, другому яшчэ большага ляшча, трэцяму нечым парвала вуду... ну, вядома ж, мне, а потым, пасля абеду, сказала: "Годзе". Нават без клічніка, наглуха — ветліва i спакойна.

— Здрастуйця вам, рабята!

Шчупленькі, шустры дзядок. І не падумаеш, што яму ўжо каля дзевяноста. Абшарпаны, з рыбацкай зброяй ды з начыннем — як з паходу нейкага вяртаецца. У акулярах, начытаны, гаворку пра мудрасць жыцця падмадоўвае спасылкамі на Майсеева "Пятикнижие". Спыніўся каля нас пабедаваць.

— Год, рабята, сухі. Рыба ў Шчары з вясны яшчэ мела на гэта сваю сачусцьвеннасць. Шуснула ў Неман!..

Пайшоў, патэпаў далей.

Я не сумую, седзячы доўга-доўга над нерухомым паплаўком, з пустою галавой i лёгкім сэрцам. Набіраюся духу зямнога, які прыдасца, i наогул, i на тое, што нядаўна пачаў. Ды ўсё ж i ў гэтым стане вельмі хочацца, так хочацца, што нават верыцца — вось-вось ён жахне ў дно, мой паплавок, i прыйдзе вялікае, серабрыстае шчасце!.. Зрэшты, так мы i верым — не толькі ў рыбіну —усё жыццё...

На захадзе сонца, хмарным i цёплым, проці вады ў наш бок ад крутога светла-пясчанага берага на павароце паплыў бабёр, быстра ведучы чорнаю галавой трохкутнік зыблівага слеДУ-

Над абрывам, каля крамянага нізкага дуба, устаў над вудамі наш дзядок. Далекавата, але так, што гол ас яго чуцён:

— Глядзі, рабята, бабёр!

Каб рыба бралася, стары рыбак не парушыў бы, мусіць, патрэбнае цішыні. А можа, i тады парушыў бы? Бо ў гол асе яго чуваць ледзь не блазенская радасць.

І мы залюбаваліся. Нібыта вось i прыйшла яна, частка таго, так доўга чаканага, шчасця.

Калі наш незвычайны госць — бабёр — параўняўся з намі, ці то зухавата, ці то гарэзліва ведучы над вадой, у самым дзюбіку трохкутніка, мокра-бліскучую лабаціну i адкрытыя чуткія ноздры,— я зацокаў яму языком. І ён нырнуў, падкінуўшы азадкам, нават пляснуў па вадзе пранікам тлустага хваста. Знік пад люстранай, растрывожанай роўняддзю. А потым вынырнуў — зноў каля дзеда. I дзядок наш зноў закрычаў.

Сонца стаяла побач з дубам, над дзедам i алешнікам. Барвовае i плоскае — вялізны, радасна-шчымліва сумны круг, якому вельмі ж не даспадобы апускацца ў хмарную, сырую ноч.

1969

Загрузка...