Снедаючы ў Доме творчасці, Піліп Пястрак i Мікола Хведаровіч дзеляцца турэмнымі ўспамінамі. Польскі вязень успамінае адзін ix бурны пратэст, потым, між іншым, згадвае пра шмалец, які ім дазволена было выпісваць.
— Ну-у, браце,— засмяяўся вязень культаўскі,— наеўшыся шмальцу, добра было пратэставаць!..
Праз дваццаць год, выпісваючы гэта з блакнота, успамінаю прачытаны ў машынапісе дзённік Кузьмы Чорнага. Як ён, наслухаўшыся расказаў Пестрака пра катаванні ў дэфензіве, успамінаў свае, тэхніку ix параўноўваў...
Нямала нарасказваў мне Хведаровіч, расказчык куды цікавейшы, чым літаратар, i ў вершах, i ва ўспамінах. Сёе-тое я занатоўваў.
"...Па плане ўсё рабілася. Прыходзіш у турму, а там ужо твая пайка сабралася за некалькі дзён, павінны былі ўзяць раней, але турма была забітая.
Камера на дзесяць чалавек, а нас там каля сотні. Мокрыя ад поту, у адных трусах, ляжым проста адзін на адным.
А параша саракавядзёрная, ажно брадзіць пачынае ад гарачыні. Уранні наглядчык адчыніць дзверы, а сам набок, каб духам з ног не збіла!.."
Бядняк, член партыі, адказны работнік, з моладу нястомны актывіст, пралетарскі паэт, ён i думаць не думаў, што i яму прыйдзецца цярпець такія пакуты, быць западозраным у такіх неверагодных злачынствах... Упершыню ўштурхнуты, пасля катавання, у перапоўненую камеру, прысеў каля парога, слухае, як храпуць... А потым голас з верхніх нараў:
— Отрок, поди сюда, приляжешь у меня.
Поп расказаў яму паўшэптам пра сябе. Пацяшаючы:
— Привыкнешь, отрок. Я уже четвёртый раз посажен. Придёшь домой, не успеет матушка первый блин на сковородке перевернуть — ан глядь в окно — уже опять антихрист в синекрасной шапке!...
"...Жанчыны не толькі ехалі за мужамі ў ссылку, але i каля турмаў далёкіх некаторыя аціраліся — куды б яго ні перавялі. Падаянкі перад авалі.
А мужчыну, які ўслед за жонкай прыехаў, бачыў я толькі аднаго..."
"...Вось табе, браце, навела. Арыштаваны быў Тэр Качаран, замест Эр Качарана, памылкова. Дзесяць год дамагаўся ён праўды, ды так i не дамогся. Выпусцілі з турмы, а потым зноў узялі, на высылку. "Дык я ж не Эр, а Тэр Качаран!" — апраўдваецца ён. "Але ж сядзелі вы. Вам, значыцца, i на высылку!" Логіка ёсць,— што за розніца, каму сядзець, каго саджаць?.."
Шматгадовы пакутнік, a ўсё ж вясёлы i разумна просты чалавек, сустрэўшыся неяк на выхадзе з Дома літаратара, Мікола сказаў мне:
— Надумаўся, браце, i я адзначыць свае семдзесят пяць. Відаць, апошні раз гэта. Хай будзе, хай пагавораць...
Як напрарочыў, што апошні, бо гады праз два памёр.
На тым юбілейным вечары, даволі прыстойным, работнікі тэлебачання чакалі са сваёй апаратурай да самага канца, да выступлення юбіляра. І трэба ж яна — такая іронія няхай паласкавелага, а так доўга суровага, несправядлівага лесу! Рыхтуючыся з-за стала на трыбуну, Мікола Хведаравіч зашпіліў пінжак не на тыя гузікі. Адно крысо ніжэй, борт адпаведна тырчыць угару. Асвяцілі шаноўнага на трыбуне, узялі, нарэшце, буйным планам, ён выступае, а здымаць няма як... Прыкра, столькі чакалі.
А ён?
1988