ГАСПАДАРЫ


У клубе добрага калгаса сход. У будзень, але святочны. Больш за сто цётак i дзяўчат атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі — за лён, якім славіцца гэты куток Наднямоння.

Смешнавата-ўзварушлівы шык. Людзі гэтыя лепш умеюць працаваць, чым браць узнагароды. Кожная, каго выклічуць, выходзіць з-паміж радоў на праход, няёмка ўсміхаючыся, ідзе да стала прэзідыума i загадзя трымае руку, каб падаць яе старшыні райсавета, "так, як i ўсе", ківае галавой i кажа "дзякуй". Дзяўчаты не надта прызвычаены пастукваць высокімі абцасікамі святочных туфляў. Медалі ўсе начэпліваюць адразу ж, толькі сеўшы, i радасна, як дзеці, усміхаюцца.

Сухенькая, смяшлівая бабка:

— Ну вось, счас i я ўкрашу сваю грудзь!..

Ідзе, a ўсе дабрадушна смяюцца.

Выступаючы, большасць стараецца гаварыць, як i бабка, культурна: "клімацічаскія ўсловія нам не дазволілі..."

Толькі адна кабеціна — пасля даведаўся: жыве ўдавой, сын, лейтэнант, у арміі, дачка, студэнтка, у Мінску — гаварыла коратка i пасвойму:

— Семсот пукоў абабілі, а пяцьсот яшчэ не. Але абаб'ём i гэты. Што я тут буду болей гаварыць! Стараемся, як толькі можам, бо трэба.

Пасля сходу, вядома, танцы. I льнаводкі, i маладыя настаўніцы мятуць польку— не наглядзішся.

1956

Загрузка...