ГРУБАВАТА


Можа, i грубавата. Нават i груба. Яшчэ ад вясковых маіх малалецтва i маладосці. Але ж i смешным бачыцца мне, напрыклад, такое:

Як стары калгасны конюх правучыў маладых рамантыкаў, што вечарамі, вясной, выкрадалі з-пад носа ў яго стомленых коней, каб — хлопцы з дзяўчатамі, старшакласнікі — пагойсаць па лузе ды па далёкіх дарогах галопам i рыссю, а потым коней тых пакінуць недзе ў полі, заганяўшы ледзь не да апошняга... Дзед папрасіў сваяка i суседа, мужчын яшчэ маладых, тыя прыйшлі з пугамі, затаіліся ў канюшні, дачакаліся той разумненькай пустальгі, што на бацькоўскім хлебе скуры на пупе не чуюць, i добра такі, на месцы i ўдагон, адсцябалі i панічоў, i паненак!..

Або такое, з горада ўжо, з жыцця дарослай, творчай інтэлігенцыі:

Адзін няздзейснены геній, проста пасрэдны артыст, што прывалокся аднекуль у нашу сталіцу, Дэман не першай свежасці яшчэ раз закахаўся ў маладзейшую, свяжэйшую, захопленую ім,— тут ужо шчыра, на ўсю душу,— настаўніцу з рабочай сям'і. Спачатку так сабе, ніштавата жылі, а потым злосць за свае маральныя i матэрыяльныя непаладкі пачаў зганяць на ёй, б'ючы маладзічку самым хамскім, садысцкім чынам, І пад чаркай, i так. Яна маўчала са сваім каханнем, плакала, а потым i не вытрымала, расказала сваім. Бацькі ўжо не было. Ды тут i не бацька нямоглы быў патрэбен. Прыйшоў старэйшы брат, пагаварыў з такім шваграм па-мужчынску, а сястру забраў дахаты. Швагра я потым з прыемнасцю бачыў на вуліцы — з "отрешённо" настаўленым каўняром, яшчэ ўсё са скепсісам на банальна прыгожым, таленавіта спітым i адхвастаным мурле.

І такое напаследак:

Сённяшні паважаны бухгалтар саўгаса, зямляк. Зірнеш i не паверыцца, што іменна так i не інакш было, калі яго паводзіны ў школе абмяркоўваліся на адкрытым камсамольскім сходзе, куды быў запрошаны i бацька вінаватага. Ціхманы, працавіты чалавек, які так рад быў, што i яго бядняцкі сын выходзіць памаленьку ў людзі. Hi работы ў цябе, ні к лопату табе другога, толькі ты вучыся. А тут... Слухаў ён, слухаў тую споведзь, чырванеў, галаву апусціўшы, а потым дзягу сырамятную з паясніцы вышмаргнуў, выйшаў наперад, дзе той сынок стаяў ды нават i ўсміхаўся, i пачаў. Толькі i духу хапіла, лупцуючы, што на абрыўкі слоў: "Я табе накуру!.. Нап'ю!.. Налаюся!.. Двойкі табе!.. Двойкі!.. Ухаджор!.." Тады ўжо бацька павярнуўся да ўсіх сабраных — вучняў, настаўнікаў, бацькоў — сказаў: "Таварышы, ізвініця, не вытрымаў!.." — i сеў на сваё месца.

Я i цяпер, запісваючы гэта, убачыў сябе ў любай кампаніі землякоў, з якімі разам так грубавата ці нават — няхай сабе! — груба смяюся.

... Потым падумалася, што, можа, для большай упэўненасці падмацавацца класікай. Прыгадаць, скажам, захапленне "Ціхім Донам" майго старэйшага брата. Калі я вярнуўся з палону, а ён мне хваліўся прачытаным за паўтара перадваенныя савецкія гады. Пра ўвесь раман гаварыў, a помніцца найбольш расказ пра тую сцэну, дзе Грышка Мелехаў адластажыў то пугай, то пугаўём, то ботамі абтоўк, як гада, сотніка Лістніцкага...

А можа, лепш яшчэ адно з жыцця, з сучаснасці, толькі нядаўна пачутае?

Як толькі старая маці дачуецца, што сын зноў п'е, яна дзелавіта збіраецца, доўга едзе аўтобусам у той горад, а там ужо свайго інжынера — кіем, прывезеным з роднага дома. Святою матчынай рукой!..

1986

Загрузка...