ПАЎЗА


Калі мы ўдвух з доктарам тэхнічных навук Севярнёвым, ён ад навукі, я ад культуры, накіроўваліся ў Індыю, наладжваць братанне паміж Беларуссю i штатам сёння Карнатака, а тады, у шэсцьдзесят сёмым, Майсур, у Маскве нам званілі ў гасцініцу родзічы тых, што працуюць у Дэлі. Па наіўнасці мы здзіўляліся, што нас прасілі перадаць у якасці пасылачкі... буханку чорнага хлеба! Нам растлумачылі, што там гэта ўваходзіць у настальгію, успрымаецца як любае прывітанне. Што ж, i мы ўзялі пару буханак, да пэўнага запасу цвёрдавэнджанай каўбасы i некалькі бутэлек "Белавежскай". Яе, дарэчы, не для п'янкі, а, як параілі нам, для прафілактыкі ад небяспечнай на поўдні Індыі хал еры.

У Дэлі мы раздалі пасылачкі, а свой чорны, родны, дзве свежыя буханкі, разам з дзвюма бутэлькамі "піва з быкам", як гаварыў удзячна адзін з пажылых польскіх гасцей на беларускім высокім прыёме, пакінулі ў аддзеле культуры пасольства.

З Поўдня мы вярнуліся праз два тыдні. Таварышы дыпламаты-культурнікі прызналіся, што хлеб наш разумна з'едзены, a бутэлькі не крануты. Тут яны i пайшлі на вясёлы сяброўскі стол.

Зрэшты, у гаспадароў ён быў не надта вясёлы. Днямі здарылася непрадбачанае: ix добры знаёмы па Маскве, для некаторых аднакашнік па інстытуце, камандзіровачны ў маладзёжнай групе, таксама сядзеў тут, весела гаманіў ажно за поўнач, тады развітаўся, здавалася, з хмельнай павышанай сардэчнасцю, i нікому не падумалася, што гэтыя абдымкі назаўсёды. Як выяснілася назаўтра, ад ix ён пайшоў у англійскае пасольства. Аднак статэчны швейцар, выглянуўшы на званок, спрасонку выслухаўшы дэкларацыю на нрыблізна англійскай мове, сказаў: "Мы гэтым не займаемся. Ідзіце вунь туды, у пасольства амерыканскае". Словам, той аднакашнік перабег, у надзеі на сваю англійскую мову, i мне было гэта прыкра па асабістай прычыне: я ведаў яго бацьку, саліднага літаратара i прыемнага таварыша з адной нашай сярэднеазіяцкай рэспублікі, адразу ўспомніў яго з бацькоўскім разуменнем i спагадай.

Нас пакінулі начаваць. Развітанне пасля застолля таксама было сардэчнае. I мы з таварышам не звярнулі ўвагі на тое, што нас папрасілі даць пашпарты, для нейкай там адзнакі. Дамовіліся, што заўтра нам пакажуць горад. Нават была прызначана i гадзіна, ні рана, ні позна — у дзевяць.

A ўранку мы, чакаючы, пранылі амаль да адзінаццаці — ніхто па нас не ішоў, не званіў. На вуліцы перад ад дзе лам культуры, дзе мы паныла шпацыравалі, спынілася машына i незнаемы малады чалавек па-руску спытаўся, ці нам не трэба ў наша пасольства. Смешна прызнацца, як мы, мінчане, пераглянуліся: "Што ж, рызыкнём, усё-такі нас двух на аднаго, дый краіна прыязная..." А ён — супрацоўнік гандлевага прадстаўніцтва i сапраўды прыязна прывёз нас у пасольства.

Там, зусім акрыяўшы, мы вырашылі пайсці на адпомсту. Папрасілі нумар тэлефона аддзела культуры, i я, ад нас двух, заявіў аднаму з учарашніх весела-сумных гаспадароў:

— Значыцца так, паважаны. Вы забралі ў нас пашпарты, абразілі нас недаверам, ледзь не да паўдня пакінулі нас адных, пакрыўдзілі няўвагай. І вось мы вырашылі папрасіць палітычнага сховішча ў пасольстве...

Доўгая, доўгая паўза, а потым, як выдых:

—...СССР.

З таге» боку выдых быў не на жарты з палёгкай. I голас:

— Ну, ребята, знаете... это...

Мінут праз дваццаць па нас заехаў ажно японскі лімузін. Побач з вадзіцелем-індусам сядзела душа ўчарашняга застолля Таня, наш мілы гід на ўвесь дэлійскі дзень.

Згадка — нічога асаблівага, a ўспамінаецца прыемна. І пра норавы намякае.

1987

Загрузка...