ТЫ МЯНЕ ПАВАЖАЕШ?


З жывой цікавасцю i даўняй пашанай да аўтара чытаў у часопісе гістарычны нарыс нястомнага Міколы Ермаловіча, i зноў з усмешкай успомнілася, як ў канцы зімы пяцьдзесят другога года выступаў у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, куды мяне запрасіў пісьмова тады яшчэ незнаемы, малады выкладчык роднай літаратуры, іменна ён, Мікола.

Пасля сустрэчы са студэнтамі мы пад вечар абедалі ў рэстаране. Утрох, з рэдактарам абласной газеты, які таксама быў на сустрэчы. Удвух нам было б цікавей, аднак... Цвярозы, ён больш маўчаў, а потым пачаў то прасіць, то настойваць, то зноў прасіць зайсці да яго, на свежаніну.

— Жонка, таварышы, будзе рада! Яна ў мяне...

Ён адлучыўся, пазваніў дахаты, i мы нарэшце пайшлі.

На званок адчыніла жонка. А перад ёю, фігуркай з коскамі, маме ледзь не да пояса,— дачка. Яна i прывітала нас, сказаўшы бацьку: Табе мала было там з імі піць, ты ix яшчэ дадому прывалок?..

На ісціну, пачутую ад мамы, калі тата званіў ёй, паўтораную "устами младенца", збянтэжаная гаспадыня адказала крыкам i плескачом па кароткай спаднічцы. Нас пачала запрашаць, прасіць прабачэгшя: "Малое — дурное..."

A свежаніна ўжо сквірчэла i духмяніла на электраплітцы.

Садзіцца да стала, аніяк не патрэбнага нам, нрыйшлося без гаспадара. Яго спачатку штосьці не было, а тады праз прачыненыя дзверы суседняга пакоя я заўважыў, як ён, ужо ў бялізне, мудра кульнуўся ў пасцель. А нам прыйшлося прысесці, дзеля церпка-ветлівага гірыліку. А гаспадыня, якая перш за ўсё адправіла свайго "папугайчыка" туды, дзе бацька, трэба было частаваць, забаўляць незнаемых, познавячэрніх, усё-такі нецвярозых...

На цягнік я, вядома, спазніўся. Начавалі з Міколам у яго халасцяцкім пакойчыку, "на смірна" пад адною коўдрай.

І вось ужо хутка сорак гадоў, як мы не-не ды ўспомнім той пачастунак. Сяды-тады, бо i сустракаемся не вельмі часта. Але яшчэ ўсё з усмешкамі ўспамінаем.


* * *

Ранняя раніца ў маляўнічым надвозерным гарадку Картузы на польскім Узбярэжжы. Жнівень семдзесят пятага. Выйшаўшы з доміка, дзе начавалі, мы селі ў машыну, каб ехаць у іншы катэдж, на снеданне, а потым ў недалёк! Гданьск.

Спалася мала, усталася раней звычайнага, ва ўсіх невыразны настрой.

Гаспадар нашага слаўнага падарожжа, ад Закапанага — сюды, Мацей Канановіч, гюльскі пісьменнік i сябар нашай літаратуры, а перш за ўсё шчыры, сумленны таварыш, пытаецца ў мяне, як спалася. Мне трэба адказаць, што от, нішто сабе, аднак я гавару яму, што дрэнна.

— Што ж так? — пытаецца ён.

— Ат, ведаеш, i звечара не мог заснуць, i ноччу прачнуўся, i ўранні, a ў думках адно ды адно...

— А што з табой? — перапытвае ён, ужо заклапочана.

— Дарагі мой, я думаў i думаю, не магу здагадацца... Адно, толькі адно на душы...— Тут ужо трэба па-польску: — Ты мне поважаш чы не?

У нашай ціхай ды хуткай машыне — смех. Як быццам мы толькі цяпер прачнуліся. Смяецца Мацей, благі, кашлівы ад курэння; цішэй смяецца яго чарнявая спакойная Крысціна; смяецца мой сын-студэнт, а таксама i пан Антош, гжэчна маўклівы "кероўца". Бо гэта ж i разрадка, бо яно ж i міжнароднае — такое пытанне за трэцяй ці чацвёртай чаркай: "Т-ты м-мя-не п-паважаеш?"

У нас да такой пяшчотнасці не даходзіла. Але ў дарозе часамі бывала — па кілішачку "под следзіка". Скажам, у вясковай гуральскай карчме ці ў рыбацкім пасёлку на гэльскай касе. Не п'янка, а перакуска ў дарозе.

Мацей i ў гэтым быў абаяльна сціплы.

1989

Загрузка...