ПАЛІТАДДЗЕЛ


Першы з дзевяці маіх дваюрадных братоў, старэйшы за мяне на дваццаць сем, Алесь. Пісаў я пра яго i юнаком, у "Праведніках i зладзеях", i ў позняй сталасці, у "Золаку, убачаным здалёк", i ў запісах, аднак сёе-тое з яго каларытнага вобраза яшчэ ўсё часамі паблісквае ў памяці, i хочацца запісаць.

І ў мове яго было многа нязвычнага. Скажам, такое:

"Па ўсім свеце пройдзе яна, наша пралетарская струна".

"На якую трэль чалавек пастаўлены — ці ласкай возьмеш яго, ці злосцю".

"Няма ў нас аніякага нармалу".

Нешта я браў з яго мовы, а яшчэ што i не ўзяў.

У акупацыю, дачуўшыся пра ўступленне ЗПІА ў вайну, ён гаварыў у нашай хаце, задаволены:

"Ну, цяпер дзела пойдзе! Калі яна з намі, Амерыка. Яна нам аружыю — ж-жых! Какаву, фрухту ўсякую — ж-жых!.."

І адпаведны штуршок рукою наперад: ж-жых не так сабе, а як маланкай цераз увесь акіян, нават над самай вадою.

У яго гераічным удзеле ў першай сусветнай вайне (чатыры "Георгіі") быў i нядоўгі аўстрыйскі палон. A гаварыў Алесь чамусьці пра Італію, што гэта там ён быў, адтуль уцёк. Можа, з-пад Трыеста?.. Калі пасля вайны з Урала прыехаў пагасціць на радзіме бацькоў мой пляменнік Шура, толькі на шэсць гадоў за мяне маладзейшы, я павёз яго з Мінска ў Загора i ў Маласельцы, да родзічаў. "Завёў" я Алеся на ваенныя ўспаміны, каб пачаставаць гэтым Шуру, франтавіка. Калі дайшло да той "Італіі", Наташа, Шурава жонка, інтэлігентная русачка, спыталася:

— А скажите, пожалуйста, Алексей Лукич, природа там, конечно, вам понравилась?

І ён, таксама інтэлігентным ладам, адказаў:

— A нічога. Прырода красівая. Але почва зямлі гавённая.

Калектывізацыя ў нашых мясцінах, у сорак дзевятым-пяцідзесятым гадах, пачалася з таго, што ва ўсіх вёсках ды вёсачках, нават i ў суседніх Качанах, дзе семнаццаць хат, быў свой, асобны калгас. І ў Маласельцах, трохі большых за Качаны, таксама. І старшынёй там выбралі Алеся. І бывалы ён, i смелы, i бядняк рабацяшчы. A неўзабаве нажыў ён, на старасці гадоў, яшчэ адну мянушку — Палітаддзел.

— Абы што якое, дык сам не хоча рашаць, а на каня, мяшок з сенам пад сраку, i ў Кашчычаў двор, у эмтээс. "Хай думае палітаддзел!.."

Аднак праз лета Палітаддзела ca старшыні калгаса "Праўда" знялі. За тое, што вырашыў ён сам.

— За што ж цябе, Алесь? — спытаўся я, калi сустрэліся.

— Даў людзям сена накасіць. Пабілі на дзялкі i пакасілі.

— Ну, а навошта ж ты так, самавольна?

— На прымер падняція духа!..

1988

Загрузка...