ПЕХАТОЙ І ЯК ЗДАРЫЦЦА


Над Відзамі страляе ў неба готыка касцёла. Чырвоная цэгла, шэры бляшаны дах. І легенда,— калісьці туды вунь, аж на саменькі вільчык, пад крыж, залез у кірмашны дзень нейкі вісус, пачаў там вырабляць, як у дырку, людзі раты паразяўлялі i глядзяць, а тут яго сябры тым часам шныраць, ліха ix зладзейскай матары, па вазах!..

На скверыку — помнік вызваліцелям, вялікі i стандартны абеліск. На дошцы прозвішчы салдат i афіцэраў, якіх ваенны лёс зрабіў героямі ў гэтых мясцінах. Наводшыбе, у зялёным зацішным куточку сквера — магіла з чорнай пірамідкай. Надпіс: "Андрэю ад А. Кудрынскага". У каго ні пытаўся, хто яны, гэтыя людзі, адказ адзін: "Не ведаю. Кажуць, што нейкі палкоўнік..." Сумна.

Пахнуць па-хатняму грады, сакочуць конікі, стаіць вялікі жнівеньскі месяц, яшчэ не яркі, бо ранні вечар. Бабуля, калі я пацікавіўся, што за кветкі ў яе гародчыку:

— Не ведаю. Ірву, палю, сынок, а яны ўсё растуць. А гэта мак.

І дала мне чырвоную кветку з белаю аблямоўкай на кожным пялёстку.

У чайной літоўскае піва i смачная каўбаса. I нудны, ветлівы сусед, няголены здаравіла, які паволі, шчодра расказвае, як у маленстве маці апаіла яго макам, i вось ён цяпер не можа працаваць на адным месцы больш за тыдзень...

Ноччу сядзеў на ганку гасцініцы, слухаў i думаў, што да ўсёй гэтай ідыліі — з прыродным росквітам i маладымі песнямі ды смехам — не хапае сардэчнай ціхай гітары.

I чаму яна "выйшла з моды"?..

Па дарозе на Браслаў — куток свянцянскай Літвы. З кабіны грузавіка, праз нізкія вербы, відаць прымятае дажджамі жыта, бярозавыя, неакораныя жэрдачкі агароджы, жураўлі без вёдзер, мнагавата абдрыпаных хат. А то — ліпы, белыя вокны, за хатамі будынкі ў шнур, з шырознымі, ледзь не да самай зямлі, стрэхамі. Назвы населеных пунктаў: Калянкішкі,

Гадуцішкі, Каляндрышкі, a паміж імі — прастадушна нашы, беларускія Пузыры.

У кузаве ў нас чарапіца. Дзве пярэднія машыны, з такім жа грузам, адарваліся далёка наперад. Негаваркі, дабрадушны шафёр даволі часта спыняўся, каб падняць на дарозе згубленую тымі чарапічыну. Цярпліва i спакойна. Гаспадар!..

Браслаў, калі пад'язджаеш з захаду, адкрываецца вельмі маляўніча. Над возерам сосны, дахі, замкавая гара, каля яе касцёл, царква. Гарадок чысты, з прахалоднай, утульнай гасцініцай, з аброслай плюшчам i мальвамі чайной, з трыма азёрамі, якія ўсе відаць навокал гарадка з высокай замкавай гары.

Над замчышчам, над касцёлам i царквой узвышаецца помнік "добраму доктару". Пры панах гэты доктар, ужо тым часам амаль легендарны, бясплатна, як кажуць, лячыў беднату, пабудаваў за свой кошт бальніцу, а мог таксама, лайдак, даць дзядзьку некалькі злотых, каб з'ехаць верхам на ім з гары... Помнік пастаўлены па яго запавету, з громаадводам, з горбай жалеза над зямлёй, якое, калі ўдарыць гром, толькі "ляскоча над горадам...".

У рэдакцыі хлопцы далі пачытаць "Гісторыю Браслаўскага павета", аўтар якое i выдавец, польскі настаўнік, энтузіяст-краязнаўпа, засакрэціўся ініцыяламі О. Н. Кніга даволі тоўстая, a фактаў яркіх няшмат. Усё прыблізна такое: у Бідзах калісьці паны бралі з яўрэяў апроч іншага падатку яшчэ i па два кілаграмы перцу, i "вельмі пацяшаліся з гэтага таваpy i яго пастаўшчыкоў". У тых жа Відзах гасцяваў калісьці, у свайго дзядзькі, Адам Міцкевіч, студэнт. Мясцоввія "маскалі", барадатыя стараверы, што аж сюды паўцякалі ад царска-царкоўнага прыгнёту, у 1863 годзе вельмі старанна дапамагалі цару распраўляцца з паўстанцамі... А вось яшчэ адна даволі пацешная дробязь. У браслаўскага калгасніка Сцяпана Рыжага, які — пра што я перад гэтым прачытаў у райгазеце — атрымаў днямі званне лепшага пастуха раёна, калісьці, ажно ў шаснаццатым стагоддзі, быў продак — браслаўскі войт Грэгар Рыжы...

На лузе над возерам садзіцца паштовы самалёт. Увечары стукае недзе маторка. Потым — ноч. Месячная дарожка, на якую так добра глядзець з гары, пад ціхую гутарку з добрымі хлопцам!.

I нечым не нашым, цвілым патыхае ад слоў, што адзін мясцовы дзеяч, калі ў лазні не хапіла дроў, загадаў спусціць на вуліцы дзве ліпы...

1955

Загрузка...