ПРАХОДКА


У ціхім возеры, у правай затоцы, бліжэйшай да сонца, якое ўзыходзіць, адлюстроўваецца грэбень лесу i паэтычна загадкавае неба, размаляванае хмаркамі. Бліжэй да берага, але не на самым беразе застыў градою трыснёг. Па ўсім гэтым паўзе, клубіцца, стаіць, зноў паўзе туманец. Нібы не ведаючы, што i ён — прыгажосць,штосьці заключнае, неабходнае ў гэтай красе.

На балоцістым беразе, заследжаным, з вадою ў слядах, скачуць, падскокваюць, пагойдваюцца пліскі.

Галоўнае ў ранішняй музыцы — пеўні з двух хутароў-леснічовак. Нехаця перасвістваюцца сытыя шпакі. Цінькае нейкая драбяза.

Лес, што асланяе возера кальцом, адлюстроўваецца ў шкляной паверхні вады не адразу каля берага — спачатку ідуць вузейшыя ды шырэйшыя палосы цёмнага i святлейшага серабра, а тады ўжо, амаль на самай сярэдзіне, значна вузейшым кругам адбіваюцца сосны, яліны, бярозы.

Зноў пра музыку. Пеўняў на дзвюх леснічоўках хочуць перамагчы дзелавітым брэхам сабакі, таксама суседзі.

Спыніўся i пішу на ўзлеску пушчанскае глухамані, дзе, як сведчанне нейкай абжытасці, стаяць ужо абгладжаныя ліпеньскімі дажджамі стагі.

Сонца ўбілася ў павалоку, што зацягнула неба. Можна толькі сказаць, што яно там — ёсць, жыве само.

На роснай траве, побач з маёй непратаптанай сцежкай, ляжыць вялікае пяро. Арлінае. Стракатае той шэрай стракатасцю, што дзіўна, радасна хвалюе мяне змалку — з жыцця i з кніг пра хараство прыроды.

Буйная, росная, злосная крапіва ахоўвае маліны, як свякроў салодзенькіх нявестак. З малінніку, пачуўшы мяне, залапатаў-узляцеў цецярук. Падумалася, як тут ласуецца мядзведзь — як ён пысу не апячэ?..

Гэта не возера такое малое, гэта вечар быў учора такі ціхі, калі я з лодкі чуў, як на тым беразе стукала жаўна.

Усё навокал i цяпер маўчыць — бярозы, елачкі, алешнік. Таму што маўчыць гаспадар — магутны, стройны дуб, асілак у самым росквіце.

Думаў калісьці, i не раз, што я ніколі не змагу нарысаваць па памяці размяшчэнне сукоў, спляценне галін на дрэве: не хопіць настолькі фантазіі, усё будзе бездапаможна паўтарацца. Успомніў пра гэта, загледзеўшыся ў цудоўны хаос трыснягу, за якім — дарэчы ці недарэчы — стаіць пахілая, нярослая сасна, пад якою "жывое срэбра" вады, цёмны i святлейшы побліск. Сасна — дарэчы тут. Бо прыгожа.

Прыгадалася з учарашняга поўдня — сіваватая зеляніна трысця над старым, запушчаным лясным каналам. Там яно, у завоіне, выпраменьвала лёгкі блакіт.

У возера ўпадае рэчка.

Кіслы пах мокрых, прывялых пракосаў. На плёсе — дзве рыбацкія рагаткі. Пясчаная водмель прыкметна абрываецца цёмнай глыбінёй.

Але i ў гэтым месцы рыба не бярэцца.

Цішыню, па-рыбацку цярплівую, прыемную ад сузірання калі не дзікай, некранутай, дык самотнай красы, парушае толькі частае ды багатае булькание газу са дна, дзе мяльчэй,— новае ў нягучным, недакучлівым шматгалоссі зялёнага наваколля.

Так я за раніцу абышоў налібоцкае дзіва — Кромань.

Загрузка...